Старонка:Пічэта Гісторыя Беларусі.pdf/64

Гэта старонка не была вычытаная

залажыла манастыр Сьвятога Духа. Манастыры, як і ў Кіеўскай зямлі, былі цэнтрамі тагочаснай асьветы і духоўнае культуры.

Царкоўныя прыбыткі. Царкоўны скарб складаўся з ахвяр і спэцыяльных падаткаў. Князі давалі ў ахвяру на цэрквы і манастыры грошы, землі. Па прыкладу князёў ішлі багатыя прыватныя асобы. Апрача гэтага, як чорнае так і белае духавенства, было абложана спэцыяльнымі падаткамі на карысьць біскупскай катэдры.

Вынікі хрысьціянізацыі. Да прыняцьця хрысьціянства у Полацкай зямлі было моцна паганства. Прадстаўнікі апошняга нават у XI ст. карысталіся павагай у княжай сям’і, ужо фармальна стаўшай хрысьціянскай. У XII ст. паганства яшчэ моцна трымаецца ў Полацкай зямлі. Хрысьціянства прышчапляецца толькі павярхоўна. Для аўтара “Слова а палку Ігараве” Полацкая зямля прадстаўляецца краінай чараўнікоў. Народныя гушчы заставаліся вернымі рэлігіі дзядоў — паганству. Гэтая вернасьць прыпыняла ўнутраную і знадворную хрысьціянізацыю насяленьня Полацкае зямлі.

Організацыя Смаленскае царквы. Смаленская зямля доўгі час ня мела асобнага біскупа. Яна складала тэрыторыю, падлеглую Пераяслаўскаму біскупу. Гэткая залежнасьць цягнулася да паловы XII веку. Толькі пры сыне Ўладзіміра Манамаха—Мсьціславе — Смаленск атрымаў асобнага біскупа ў асобе грэка Мануіла, які шмат клапаціўся аб знадворным будаўніцтве свайго біскупства. Узьнікненьне Смаленскага біскупства зьвязана з выдзяленьнем Смаленскае зямлі са складу Кіеўскае дзяржавы. Смаленская царква прыняла трывалую організацыю пры Расьціславе Мсьціславічы, які выдаў асобную Ўстаўную Грамату (1150). Грамата Расьціслава вызначыла як матар'яльнае гэтак і праў'нае палажэньне Смаленскага біскупства. Біскупы ў Смаленскай епархіі большай часткай былі грэкі па нацыянальнасьці.

Пабудаваньне цэркваў. З утварэньнем асобнай Смаленскай епархіі, шпаркім тэмпам будуюцца сьвятыні і закладваюцца манастыры. Пры Расьціславе і яго сынох былі пабудованы цэрквы імя сьвятых апосталаў Пятра і Паўла, апостала Іоанна Багаслова, архістратыга Міхаіла. Самым старажытным манастыром можна лічыць Барысаглебскі на Сьмядыні (1138). Каля Смаленску быў пабудаван Усьпенскі манастыр і Крэставазьдзьвіжанскі, якія мелі вялікае значэньне ў духоўным жыцьці Смаленску. Сьледам за князямі, цэрквы будавалі і біскупы, якія распараджаліся даволі значнымі сродкамі. Смаленскія сьвятыні вызначаліся вялікай аздаблёнасьцю. У царквох чулася царкоўнае казаньне, якое датычыла недахватаў грамадзянскага жыцьця. Знакамітым прамоўцай быў Аўраам, іераманах Усьпенскага манастыра, які меў вялікі ўплыў на духоўнае разьвіцьцё смаленскага грамадзянства. У часе набажэнства прыгожа пяялі царкоўныя хоры. Смаленская царква высунула шэраг адукаваных дзеячоў: біскупа Мануіла, іераманаха Аўраама, “кніжніка" і філёзофа Клімэнта, які быў чалавек вельмі асьвечаны ва ўсіх галінах даступнага пазнаньня.

Становішча духавенства. Духавенства ў Смаленску карысталася вялікім уплывам. Біскупы прымаюць удзел у політычным жыцьці зямлі, адпраўляюцца ў пасольствы, прымаюць удзел у княжай думе. Духавенства мела вялікі ўплыў на грамадзянскую думу, але ў масах было мала адукаваным, не наўчала народ і ня ўмела пасьвіць свой статак, адносячыся з зайздрасьцю да прадстаўнікоў запраўднае асьветы (Клімэнт Смаляціч, Аўраам). Звычаёвае (моральнае) жыцьцё духавенства і манахаў знаходзілася ў стане заняпаду. Чорнае і белае духавенства вельмі было прывязана да свайго грамадзянскага становішча, да матар’яльных выгод, вызначалася пагардлівасьцю, зайздрасьцю, пышлівасыію, хцівасьцю, бывала пастаяннымі ўдзельнікамі баляў і банкетаў, наладжваных князьмі і багатымі баярамі.