Старонка:Пічэта Гісторыя Беларусі.pdf/68

Гэта старонка не была вычытаная

вэстар у 1116 годзе сьпісаў копію. „Повесть“ у новай рэдакцыі зьмяшчае ў сабе матар'ялы размаітага характару: вусныя і пісоўныя апавяданьні, запазычаныя з грэцкіх хронік, жыцьцё Ўладзіміра, жыцьцё Кірылы і Мэтодага, аповесьць а Барысе і Глебе, навучаньне Феадоса, дагаворы кіеўскіх князёў з грэкамі і інш. Апавяданьне ў летапісе вядзецца па гадох; спатыкаюцца гады пустыя. Падходзіць аўтар да здарэньняў, якія ён апісвае, з рэлігійна-моральнага пункту пагляду. На гэтых здарэньнях адбіваецца то благаслаўляючая, то караючая рука бога. Аўтар апісвае гістарычныя падзеі з тэй мэтай, каб даць рэлігійнае моральнае навучэньне і перасьцярогу грамадзянству. Начальны летапіс выяўляе сабою матар'ял першазначнай важнасьці для дасьледваньня гістарычных лёсаў беларускага народу ў эпоху існаваньня зямель, як самастойных політычных адзінак. Мясцовыя беларускія летапісы гэтай-жа эпохі не захаваліся, хаця няма ніякага сумненьня ў тым, што яны існавалі. Цэлы шэраг даных а падзеях у Полацкай і Смаленскай землях чыста мясцовага характару, і пры гэтым вылажаных з вялікай дакладнасьцю, мог папасьці ў перша-пачатковы збор і яго працяг—„кіеўскі летапіс" толькі з мясцовых летапісных крыніц.

Новая культура. Хрысьціянізацыя Кіеўскай дзяржавы і ўваходзячых у яе склад беларускіх зямель, палажыла пачатак новай культуры, адбіцьцём якой зьявілася пісьменства, шпарка разьвітае ў XI ст. Новая культура была рэлігійнай у сваёй істоце. Прадстаўнікамі яе былі асобы галоўным чынам з паміж чорнага духавенства, якія мелі магчымасьць, дзякуючы матар'яльнай забясьпечанасьці, цікавіцца літаратурнымі працамі. Адначасна з хрысьціянствам паяўляецца ў вялікай колькасьці перакладная візантыйская гістарычная і царкоўна-навучальная літаратура, паводле ўзораў якой пачалі ўзьнікаць і орыгінальныя рускія царкоўна-літаратурныя творы.

Кн. Ефрасіньня Полацкая. Прадстаўніцай новае культуры ў Полацку была ўнучка князя Ўсяслава—княжна Прадслава, якая радзілася каля 1110 году і пры хрышчэньні прыняла імя Еўфрасіньні. Рана стаўшы манашкаю, княжна Еўфрасіньня Полацкая пасялілася пры саборнай царкве, дзе займалася перапісваньнем кніг. З прычыны вялікага попыту на царкоўныя кнігі, княжна Еўфрасіньня залажыла жаночы манастыр Сьв. Спаса, у якім сама была ігуменьняй. Манашкі манастыра займаліся перапісваньнем кніг і навучаньнем дзетак. Разам з гэтым, дзеля падтасоўкі духавенства, Еўфрасіньня залажыла і мужчынскі манастыр, які быў пабудованы крыху раней, чымся жаночы манастыр. Пад канец свайго жыцьця княжна Еўфрасіньня адбыла вандроўку ў Ерусалем, дзе яна і памерла (ў 1173 г.).

Смаленская асьвета. Галоўным асяродкам беларускай асьветы быў Смаленск. Яго культурнае значэньне трэба паставіць у цесную сувязь з яго географічным налажэньнем і выплываючымі адгэтуль экономічнымі перавагамі. Візантыя і Захад з сваімі культурамі былі грунтам для смаленскае асьветы. Ініцыятыва пашырэньня апошняе выходзіла ад княжай улады. Смаленскі князь Расьціслаў Ізяславіч і яго наступнікі прыкладалі шмат стараньняў у кірунку пашырэньня школьнае асьветы. Асьвета распаўсюджвалася ня толькі паміж пануючага стану (баяр, духавенства і купецтва), але часткова і у народных гушчах. Пры пабудованых Расьціславам царквох і манастырох, зьбіраліся рукапісы, перакладаліся і перапісваліся скарбы грэцкае і баўгарскае мудрасьці. Сам Расьціслаў быў вельмі „учен всякіх наук, і к ученію своіх братьев і многіх людей понуждал", будуючы на гэта школы і ўтрымліваючы на свае княжыя сродкі грэцкіх і лацінскіх настаўнікаў, не жадаючы мець нявучонага духавенства. Раман Расьціславіч патраціў на школы ўсе свае сродкі. Давід Расьціславіч гэтаксама „любіў кнігі чытаць і памяць вострую меў”. Асяродкамі асьветы былі манастыры, багатыя сваімі кнігазборамі. Гэтак у Смаленскім ма-