Старонка:Пічэта Гісторыя Беларусі.pdf/7

Гэта старонка не была вычытаная

якіх труны пароблены з каменных пліт. Побач з гэткімі магіламі спатыкаюцца курганы, абложаныя каменьнямі, а на Бярэзіне каля Барысава — нават з каменным скляпеньнем. Каменныя магілы знойдзены каля р. Бабра і на правым беразе З. Дзьвіны, у вельмі аднак нязначным ліку. Гэтыя курганы адносяцца да культуры нейкага іншага народу ў параўнаньні з курганамі і магіламі першага тыпу.

Першыя насельнікі. Азначыць нацыянальнасьць першых насельнікаў вельмі трудна. Магчыма думаць, што найбольш старажытнымі насельнікамі былі фіны, мова якіх прыналежыць да ўрала-алтайскай групы моваў. Фінскае племя дзеліцца на дзьве галіны: заходнюю і ўсходнюю, і спрадвеку жыло на тэрыторыі ўсходня-эўропэйскай раўніны ад Бальтыцкага мора да вусьця Янісея. Пад уплывам славянскай калянізацыі фінскія пляменьні ня раз пераходзілі з месца на месца. Фінскія пляменьні, што жылі на тэрыторыі Беларусі, прыналежаць да заходняй галіны. Географічная номэнклятура дазваляе пабудаваць гэты вывад. Паміж вялікай колькасьці неславянскіх географічных назоваў у районе паўночнага Падзьвіньня і верхняга Падняпроўя спатыкаецца шмат назоў рэк з канчаткам на ва, за, ма, га, сі, ша (Вязьма, Орша, Костра, Протва, Лучэса, Дрыса, Волга, Нічэсма, Велеса і г. д.), якія ўсе фінскага пахаджэньня. Дасьледваньне Люцынскага могільніку і параўнаньне яго з могільнікамі на тэрыторыі фінскага пляменьня ліваў, а гэтак сама архэолёгічныя раскопкі на поўдзень і паўднёвы-ўсход ад Люцына і па Дзьвіне, ніжэй Полацку, сьведчаць аб падабенстве з пахаваньнем Люцынскага могільніку. Апрача географічнай номэнклятуры фінскага пахаджэньня маецца вялізная колькасьць назоваў ня фінскага характару, але бязумоўна чужацкіх і вельмі дзіўна-гучных назоваў, як напр.: Жэкта, Докша, Кодосна, Гордосна, Семта, Дунгіты, Обочы, Рычы, Чамнасы. Гэткія назовы спатыкаюцца ў Падзьвіньні і ў верхнім Падняпроўі, але найбольш іх у районе левых прыток Прыпяці і на сярэдзіне Заходняй Дзьвіны. Гэтак сама і прытокі Бярэзіны: Мрой, Гнюта, Нача, Усяж, Зор — чужаземнага пахаджэньня. На тэрыторыі паміж Прыпяцьцю і Бярэзінай пападаюцца гэтак сама чужаземныя назовы: Іпна, Олла, Пютча, Даколька. У даліне р. Нёману гэтыя чужаземныя назовы зьяўляюцца пануючымі. Сама Прыпяць з правымі прытокамі — Стаход, Стыр, Горынь, Весялуха, Жалобніца, Случ, Быстрыца, Млынок, Струбля, Плотніца, Балотніца, Зімуха і інш. — славянскага пахаджэньня. Можна дзеля гэтага думаць, што другімі прыходцамі ня тэрыторыю Беларусі былі ліцьвіны, якія жылі ў дагістарычныя часы значна далей на ўсход ад сваёй гістарычнай айчыны, і ў IV веку прымушаны былі пасунуцца на захад. Курганы, раскопаныя ў Калускай губ. на р. Протве, і па форме пахаваньня — закапаньне трупаў, і па прадметах культуры тыя самыя, што і курганы р. Нёману і З. Дзьвіны, літоўскае пахаджэньне якіх не выклікае жаднага сумненьня — (сякеры, засьцежкі, спражкі, пікі, падвескі, персьцяні з рэзьбай, сярпы, брансалеты — усе прадметы зроблены надта дасканала). Далейшы рух ліцьвінаў на захад у межы Ковеншчыны, Горадзеншчыны і Віленшчыны злучан з напорам славянскага пляменьня з вадазбору Прыпяці на поўнач па Бярэзіне і Дняпры. Фінаў і ліцьвінаў зьмянілі славяне, якія занялі тэрыторыю з даволі значнай культурай.

Культура фінаў. Фіны, жывучы ў лясох, пераважна па берагох рэк, займаліся зьвералоўствам: скура ўжывалася на вопратку і дзеля вымены. Земляробства знаходзілася яшчэ ў зачатковым стане. Ад суседніх іранскіх пляменьняў, што жылі на поўдні ўсходня-эўропэйскай раўніны, фіны пазнаёміліся з мэталямі і медзьдзю. У фінскіх магілах знаходзяць наступныя прылады: нажы, сякеры, мячы, стрэлы, молаты, лемяхі. Заходнія фіны падлягалі значнаму культурнаму ўплыву суседніх ліцьвінаў, пазнаёміўшых фінаў з жытам, лёнам, сьвіньнёй і казой і з прыгатаўленьнем сена. Ліцьвіны навучылі фінаў будаваць цёплыя