Старонка:Пічэта Гісторыя Беларусі.pdf/71

Гэта старонка не была вычытаная

крыўда народу, для якога зачынены шлях да княжае праўды. Справядлівы і несправядлівы князі аднолькава адказны перад богам за “погубленныі душі крестьянскі". Залічэньне князёў да тае ці іншае групы залежала гэтак сама і ад кіеўскага патрыятызму, які заўважаецца ў летапісца. Гэта перашкаджала аўтару быць адносна аб‘ектыўным. Аўтар летапіса вельмі адмоўна адносіцца да Ўсяслава Полацкага, як да ўпартага і мнагалетняга ворага Кіеўскае дзяржавы. Тым часам аўтар „Слова а палку Ігараве" прызнае яго разумным і энэргічным „людам судяша, князем угоды рядяша“, годным узорам для насьледваньня сучасьнікаў аўтара. Але смаленскія князі — Расьціслаў і яго патомства — справядлівыя князі. Кіеўскі летапіс выхваляе іх за рознастайныя моральныя якасьці і цноты. Усе яны “ніщелюбівы, хрістолюбівы", любілі будаваць сьвятыні, дапамагаць цэрквам і манастыром, шанавалі духавенства і манахаў.

9. Культурныя ўплывы.

Смаленскі царкоўна-дружынны стан разьвіваўся пад уплывам двох фактараў: культурнага ўплыву Візантыі і Захаду. Візантыя перадала разам з хрысьціянствам увесь свой запас царкоўна-наўчальнай літаратуры, якая зрабіла вялікі ўплыў на сьветагляд, склад мысьлі і духоўныя настроі прадстаўнікоў смаленскае інтэлігенцыі. Візантыйская царкоўная культура не магла пранікнуць у гушчы народу. Яна зачапляла толькі вярхі грамадзянства. Захад меў больш шырокі ўплыў. Зносіны з чужаземцамі мелі надта дадатны ўплыў на характар і звычаі смальнян, на разьвіцьцё культуры наогул. Існаваньне ў Смаленску неправаслаўнае царквы сьведчыць аб рэлігійнай веразноснасьці. У дагаворы Мсьціслава Давідавіча мы заўважваем больш гуманнасьці ў параўнаньні 3 “Рускай Праўдай". Напрыклад, абраза жанчыны вольнай, ці нявольнай караецца штрафам. У першым выпадку накладваецца штраф у 5 грывен серабра, а ў другім—толькі адна грыўня серабра. Чужаземцы карысталіся ў Смаленску вялікім аўторытэтам. Калі разглядалася справа Аўраама, то яго абаронцай выступіў нехта Лука Прусін, падобна, выходца з заходняй Эўропы. Чужаземным уплывам агорнута легэнда а сьвятым Мэркур'і, ваяку-багатыру, які выратаваў Смаленск у 1239 годзе ад татар. Для смальнян Захад зьяўляецца сымболем культуры і асьветы. Усход-жа—сымболь гвалту і барбарства. Заходні ўплыў ішоў гэтак сама з Скандынавіі. Сагі паўночных народаў знаходзілі сабе пашырэньне ў смаленскім насяленьні. Быліны-ж былі пашыраны на поўначы. Устаўная грамата 1150 году была знойдзена ў адзіным экзэмпляры ў Швэцыі. Заходні ўплыў праявіўся значна ў малярстве і рысаваньні. Псалтыр Анескага Крэснага манастыра, сьпісаны ў 1395 годзе рукою нейкага Лукі Смаляніна, аздоблены ўласнаручнымі ўстаўкамі і міньятурамі, размалёванымі фарбамі і золатам ініцыяламі. Усе малюнкі вызначаюцца нязвычайнай рознастайнасьцю. Аўтару добра вядома як візантыйскае мастацтва, гэтак і заходня-эўрапэйскія орнамэнты, як келецкі, англё-саксонскі, скандынаўскі і лёмбардзкі. Рысункі псалтыра надта выразна сьведчаць аб тым, як высака стаяла ў Смаленску ў XIV ст. мастацтва сьпісваньня кніг і рысаваньня, а гэтак сама маляваньне абразоў.