Старонка:Пічэта Гісторыя Беларусі.pdf/73

Гэта старонка не была вычытаная

трыманьні дамовага агню. З часам у ліцьвінаў пашыраецца культ бога-грамавіка—Перкуна. Ні сьвятынь, ні спэцыяльнага духавенства ў ліцьвіныў ня было. Набажэнства выяўлялася у тым, што прадстаўнікі сем'яў і радоў прыносілі ахвяры. Замовы і заклінаньні духаў, у якіх можна бачыць сьляды фінскага ўплыву, былі надта пашыраны. Ліцьвіны верылі ў несьмяртэльнасьць душы, спадзяючыся ў замагільным жыцьці або нагароды або кары. Жыцьцё кожнага чалавека ў паасобку знаходзіцца ў залежнасьці ад лёсу, працівіцца якому лічылася грэхам. З вераю ў замагільнае жыцьцё і наступленьне суднага дня цесна зьвязаны літоўскія пахавальныя абрады. Найбольш пашыранай формай пахаваньняў зьяўляецца трупаспаленьне. Разам з памёршым палілі і тыя рэчы, якія ў гэтым жыцьці былі асабліва дарагі памёршаму. Сюды адносяцца зброя, а часамі жонка і слугі. Апрача гэтага з нябожчыкамі палілі кіпцюры барса і кіпцюры мядзьведзя, каб даць магчымасьць нябожчыку хутчэй узабрацца на вяршыню гары, на якой усе памёршыя будуць рабіць справаздачу з пражытага на зямлі жыцьця. Попел, які застаўся ад нябожчыка, зьбіраўся ў вурну і закапваўся ў землю. Над ім насыпалі курган. У пэўныя дні пасьля сьмерці наладжваліся памінкі, на якіх былі прысутны ўсе сваякі, у поўным маўчаньні прыймаўшыя памінальныя стравы. Другой формай пахаваньня было трупапахаваньне. Гэта была горшая форма пахаваньня. Ёю карысталіся толькі бедныя ліцьвіны. Радавы ўклад, які захаваўся у працягу доўгага часу, дзякуючы ўмовам географічнага разьмяшчэньня пляменьняў, аддзеленых адно ад другога рэкамі і лясамі, быў першапачатковай грамадзянскай формай організацыі літоўскіх пляменьняў. З радавым укладам зьвязана і існаваньне крывавае помсты.

Суседзі ліцьвінаў. Самымі блізкімі суседзьмі ліцьвінаў былі палякі, галіцка-валынскія і полацкія князі. Палякі пранікалі на тэрыторыю, занятую літоўскімі пляменьнямі. Польская калянізацыя была значна пашырана ў зямлі прусаў. Разам з польскай калянізацыяй пранікала і хрысьціянства. Каталіцкі місіонэр Войцех, быўшы Праскі біскуп, каля 1002 год адправіўся на тэрыторыю прусаў. Навучаньне сьвятога Войцеха закончылася няўдачна — прусы забілі яго і яго спадручных. Гэты самы лёс спаткаў і другога місіонэра — Бруна — арцыбіскупа Саксонскага. Польскі кароль Баляслаў Храбры ў кару за гэта ў 1010 годзе спустошыў тэрыторыю прусаў. Праз 100 год Баляслаў зрабіў вялікі набег на прусаў і папаліў многа мястэчак і сёл. З гэтага моманту паходы палякоў на прусаў становяцца частымі. Славянскі элемэнт даволі рана пранік на тэрыторыю Літвы. Славянскія назовы рэк сьведчаць аб раньняй славянскай калянізацыі. К XII ст. ўся мясцовасьць паміж Вільлёй і Прыпяцьцю была населена славянамі і называлася рускай. Побач з мірнай калянізацыяй мелі месца і ваенныя стычкі. Галіцка-Валынскія і полацкія князі часта нападалі на ліцьвінаў, робячы паходы ў глыб іх тэрыторыі. Асабліва часта былі паходы полацкіх князёў у працягу XI—XII ст. Сьледам за набегамі князёў, па рэках і рэчках насоўвалася славянскае насяленьне. Гэтак званая Чорная Русь з гарадамі Горадня, Ваўкавыск, Слонім і Навагрудак была заселена выходцамі з Полацкае зямлі. З свайго боку і літоўскія князі рабілі набегі на сваіх суседзяў, асабліва ў канцы ХІІ ст. і ў пачатку XIII ст. Ноўгарадзкая, Полацкая і Смаленская землі ня раз пераносілі спусташальныя літоўскія набегі. Ня ўхіліліся ліцьвіны ад зносін і з Норманамі, якія ў ІХ ст. пранікалі ў Літву па Нёману, спачатку як разбойнікі і грабежнікі, руйнуючыя і спусташаючыя ўсё тое, што ім пападалася на шляху. У другі пэрыод норманы паяўляліся як мірныя пасяленцы, жадаючыя наладзіць з ліцьвінамі гандлёвыя сувязі і адносіны. Скандынаўская сага VIII ст перадае апавяданьні а конунгу Івару Відфаме, які з дружынай заваяваў паўднёвыя берагі Бальтыцкага мора, а ўнук яго — Гаральд Златазубы заваяваў усходнія берагі Бальтыцкага мора.