Старонка:Пічэта Гісторыя Беларусі.pdf/75

Гэта старонка не была вычытаная

гэтак званую Чорную Русь, краіну на левых прытоках Нёману з кіроўным горадам Навагрудкам, які стаў цэнтрам утворанага Літоўскага княства. Гэтак старажытная Полацкая калёнія склала часьць новага Літоўскага княства. З Чорнай Русі Літоўскае княства пашыралася ва ўсе бакі, галоўным чынам на паўднёвы-ўсход. Географічнае палажэньне Чорнай Русі спрыяла таму, што яна стала цэнтрам Літоўскага княства. Утворанае Літоўскае княства к 1250 году стала даволі грозным і сільным для суседзяў, якія ў свой чарод не маглі дапусьціць палітычнага ўмацаваньня Літвы. Супроць Міндаўга ўтварылася коаліцыя ў складзе Галіцка-Валынскіх князёў, на чале з Данілам Раманавічам, палякаў і Закону Мечаносцаў. Унутры княства, дзякуючы барацьбе Міндаўга з сваімі сваякамі, утваралася вельмі напружаная атмосфэра. Яго дзядзка Выконт і пляменьнікі Таўтывіл і Едывіл уцяклі да Галіцка-Валынскіх князёў з просьбай а дапамозе. Калі апошняя была абяцана, Таўтывіл адправіўся да магістра Лівонскага Закону, дзе прыняў каталіцызм і гэтым самым злавіў сымпатыю начальніка Закону. Галіцка-валынскія князі і нямецкі Закон знайшлі падтрыманьне ў жмудзі і яцьвягах, князькі якіх не хацелі падчыняцца цэнтралістычным імкненьням Міндаўга. Каб аслабіць сваіх праціўнікаў, Міндоўг дабіўся асабістага спатканьня з магістрам Закону і выказаў пажаданьне ахрысьціцца. Гэты політычны манэўр, дзякуючы якому Міндаўг станавіўся пад апеку папы Іноцэнтага ІV, адхіліў стычку з грозным праціўнікам. Мала гэтага, па загаду папы Кульмскі біскуп каранаваў Міндаўга каралеўскаю каронаю (1253). Пакуль вяліся перагаворы з Законам, Галіцкі князь Даніла спустошыў значную частку Літвы і захапіў горад Горадню. Сама сталіца Літоўскага княства знаходзілася пад пагрозай. Аднак Міндаўгу ўдалося за пасярэдніцтвам сына Вайшэлка пагадзіцца з Галіцкім князем. Вайшэлк адправіўся ў Холм, дзе прыняў хрысьціянства паводле праваслаўнага абраду. Умовы міру з галіцкімі князямі былі даволі цяжкія. Чорная Русь пераходзіла на васальных правох да сына Галіцкага князя—Рамана. Найвышэйшы сувэрэнітэт заставаўся за Міндаўгам. Аслабленьне кояліцыі прымушала яцьвягаў і жмудзь падчыніцца Міндаўгу. Пагадзіўшыся з Галіцкімі князьмі Міндаўг, які ў працягу 10 год быў прыяцелем аб'яднанага Закону і якому ён выдаў граматы на яцьвяскія і жмудзкія землі, раптам зьмяніў фронт у адносінах да Закону і, з прычыны яго агрэсіўных крокаў супроць жмудзі і яцьвягаў, пачаў супроць Закону вайну, вярнуўшыся перад гэтым да паганства. Апынуўшыся на чале паўстаўшых ліцьвіноў, жмудзі, яцьвягаў і прусаў, Міндаўг разьбіў Закон. Нарэшце, аслабленая Полацкая зямля падпала пад уплыў Міндаўга. Літоўскі летапіс, гэтак званы „Быхаўца" называе Міндаўга самаўладцам усёй Літоўскай зямлі. Аб'яднаўчая політыка Міндаўга выклікала протэст з боку групы нездаволеных князёў, якія не хацелі быць падручнымі Міндаўга. Нездаволеныя зрабілі змову і, выкарыстаўшы тое, што Міндаўг пасьля сьмерці сваёй жонкі ажаніўся з жонкай князя Доўманта, пастанавілі пазбавіцца яго. Увайшоўшы ўночы ў яго пакой, змоўнікі пасеклі яго на часткі (1263). Маладое княства па сьмерці Міндаўга політычна развалілася. Пачаліся ўнутраныя няладзіцы, якія пацягнулі за сабою аслабленьне замежнага ўплыву дзяржавы. Зноў распачаліся наезды немцаў на Літву і латышоў. Літоўскаму пляменьню пагражала новая небясьпека нацыянальнага падняволеньня.

Дамовая дынастычная барацьба. Па сьмерці Міндаўга ў Літве ўтварыліся дзьве партыі: адна нацыянальная, якая моцна трымалася літоўскае старасьветчыны і паганства, другая — паддавалася беларускаму ўплыву. Прадстаўнік першае партыі — Тронят — брат Міндаўга быў хутка забіты. На чале беларускай партыі стаяў сын Міндаўга Вайшэлак, які люта расправіўся з забойцамі свайго бацькі. Князь Доўмант быў прымушаны эміграваць у горад Пскоў, дзе і быў ў працягу