Старонка:Пічэта Гісторыя Беларусі.pdf/8

Гэта старонка не была вычытаная

хаты. Фінскі бог — Грамавік называецца „Пуркінэ“, што гэтак сама ёсьць скутак культурнага ўплыву ліцьвінаў, які адбіўся часткова і на мове заходніх фінаў. Грамадзкія адносіны заходніх фінаў былі даволі прымітыўны і ня выходзілі за межы старажытнага радавога саюзу.

Культура ліцьвінаў. Літоўская культура была вышэй за фінскую. Ліцьвіны былі добра знаёмы з ральніцтвам, але пераважнай жыўнасьцю была мясная. Адзін сучасьнік XVII сталецьця — немец — цьвердзіў, што „ліцьвіны ядуць ваўкоў, лісіц, варон, соваў, сарок і ўсялякае іншае паскудзтва”. Матар‘яльны быт ліцьвінаў прымітыўны. Найбольш пашыраным тыпам памяшканьня была курная хата. Пад уплывам суседзяў славян ліцьвіны навучыліся будаваць цёплыя хаты з шырокай рускай печчу (істуба). Хаты будаваліся з тоўстых плашак елкі. Жывёла знаходзілася разам з людзьмі. Соцыяльна-політычны быт ліцьвінаў характарызуецца панаваньнем радавых саюзаў з усімі выплываўшымі адгэтуль звычаёва-праўнымі поглядамі на жанчыну, як на дабытак роду. Радавыя саюзы жылі паасобку адзін ад другога. Сучасная сяліба зьяўляецца паказальнікам паасобкавага жыцьця радавых саюзаў. Што датыча рэлігіі, дык ліцьвіны доўгі час заставаліся паганцамі. Яшчэ ў XVI ст. паганскія ўплывы былі вельмі моцны на Жмудзі. Паганства ліцьвінаў афармляла сябе пад уплывам суседзяў-фінаў і агульна-індоэўропэйскага культу продкаў. Звычай частых гаданьняў, прынашэньне ў ахвяру чорных курэй, парасят, бараноў і белых коняў розным бажком, культ мураўёў, зьмей, загаворы і заклінаньні — скутак фінскага ўплыву. У ліцьвінаў быў пашыраны культ жывёл, расьлін і прадметаў, як напр.: мядзьведзяў, зайцоў, вужоў, жаб, каменьняў, дубовых дрэваў — усё гэта ёсьць выразны паказальнік рэлігійнага фэтышызму. Культ продкаў выяўляўся ў выглядзе падтрыманьня бязупыннага дамовага агню, у звычаях, зьвязаных з памінкамі нябожчыка, у легэндах аб тым, што душы памёршых адпраўляюцца да іншых продкаў, у кульце вужа, як увасабленьня душы продка, які тоіцца ў хаце і ахоўвае яе. Старажытныя ліцьвіны ня ведалі ніякай рэлігійнай сыстэмы. Уся рэлігія грунтавалася на прымітыўным абагаўленьні сіл прыроды: сонца, месяца, зораў, агню, вады, грому і маланкі.

З. Дагістарычнае мінулае славян.

Прабацькаўшчына славян. Славяне зьяўляюцца часьцю індо-эуропэйскай сям'і і прыналежаць разам з ліцьвінамі да ўсходняй яе групы. Славяне і ліцьвіны спачатку жылі пасуседзку. Можна меркаваць, што каля апошняга тысячалецьця да Нар. Хр. ліцьвіны пачалі выасабняцца ад славянскіх пляменьняў. Гэтае выасабненьне ўжо зусім вызначылася ў першым веку пасьля Н. Х. Славянскія вандроўкі ІІІ і IV веку пасьля Н. Х. канчаткова выасабнілі славян ад ліцьвінаў. Разам з гэтым гэтыя вандроўкі спрыялі і выасабненьню паасобных славянскіх народаў. Славянскае племя — спрадвечнае племя на тэрыторыі Эўропэйскай раўніны. Славяне не зьяўляюцца выхадцамі з Азіі, дзе даўней шукалі бацькаўшчыны ўсіх арыйцаў. Начальны летапіс захаваў паданьне аб супольным жыцьці славян на Дунаю, адкуль распачаўся працэс расьсяленьня славянства. Аднак летапісу нельга прыдаваць вялікага значэньня. Само слова „Дунай” не славянскага, а кэльцкага пахаджэньня. Паяўленьне славян на Дунаю ня было першапачатковым фактам у гісторыі славянскай калянізацыі. Славяне прышлі на Дунай, пакінуўшы сваю старую бацькаўшчыну. Чэскі вучоны Нідэрле лічыць, што тэрыторыя, якая была для славян прабацькаўшчынай, была мясцовасьцю, багата зарослай лясамі: букам, дубам і бярозаю; была багата зоолёгічнымі і воднымі багацьцямі і пазбаўлена ад усялякіх прыродных перагарод. Граніцай славянскай прабацькаўшчыны на паўднёвым