Старонка:Пічэта Гісторыя Беларусі.pdf/81

Гэта старонка не была вычытаная

камі і Крыму і Ўсходу. Вадазборы 3. Бугу, Нёману і 3. Дзьвіны злучалі Літоўска-Беларускую дзяржаву з Захадам і ўцягвалі яе ў вір заходня-эўропэйскіх экономічных адносін. Гарады Вільня, Трокі, Бярэсьце становяцца выдатнымі гандлёвымі цэнтрамі. Наданьне гэтым гарадом у канцы XIV веку гэтак званага Магдэбурскага права, дзякуючы якому горад выасабняўся ад воласьці і станавіўся самастойнай адміністрацыйна-гаспадарчай адзінкай, выключна зьвязанай з разьвіцьцём замежнага гандлю. Галоўны гандлёвы шлях ішоў па Нёману, хаця барацьба з немцамі і прыпыняла разьвіцьцё гандлю. Толькі пасьля завязаньня з немцамі Торунскага міру (1411), гандлёвыя сувязі больш ажывіліся. Гандаль па 3. Дзьвіне дзеля гэтых-жа самых прычын меў другараднае значэньне. Паўднёвы літоўска-беларускі гандаль толькі зараджаўся. З Літвы, Беларусі вывозіліся хуnры, мёд, воск, дрэва, а прывозіліся з Эўропы прадукты заходня-эўропэйскай апрацоўчай прамысловасьці. Ня гледзячы на разьвіцьцё замежнага гандлю народная гаспадарка захоўвала свой натуральны характар. Наплываючы эўропэйскі капітал награмаджаўся пераважна ў руках князя, як самага багатага зямельнага ўласьніка і галоўнага экспортэра на эўропэйскі рынак. Навакол гаспадарскіх, княжых і панскіх двароў гуртавалася пэўная колькасьць рамесьнікаў, якія былі патрэбны для іх гаспадарак. Галоўнай сельскагаспадарчай рабочай сілай была „чэлядзь нявольная". Вольныя людзі, што жылі па-суседзку з дваром, адбывалі павіннасьці спэцыяльнага характару. Гэтак паявіліся княжыя цяглыя людзі, якія выпаўнялі або якую-колечы спэцыяльную павіннасьць, або былі прамыслоўцамі. як напрыклад: конюхі, канкаморцы, кабыльнікі, стаднікі, кухары, садоўнікі, рыбаловы, сакольнікі, бортнікі, баброўнікі, лаўцы, псарцы. Уся зямля разглядалася, як гаспадарская айчына. Гаспадар быў адзіным правамоцным уласьнікам. Удзельныя князі, стаўшыя з працягам часу буйнымі зямельнымі ўласьнікамі, баяры, якія выдзяліліся з радавых організацый, — дзяржалі зямлю пад гаспадаром, ня маючы права ёю распараджацца. Сялянскае землеўладаньне — старажытнага пахаджэньня. Велічыня сялянскіх зямельных вучасткаў залежала ад складу рабочае сілы сялянскага двара. Гэткія зямельныя вучасткі называліся „дворышчамі", „службамі", „печышчамі", і складаліся або толькі з адных сваякоў, або з сваякоў з чужымі элемэнтамі. Члены гэткага тэрыторыяльнага саюзу называліся „сябрамі", “суседзьмі", „таварышамі", „патужнікамі" і „дольнікамі".

Грамадзянскі ўклад. Літоўска-беларускае грамадзянства дзялілася на дзьве групы: вольных і нявольных. Вышэйшую групу ў асяродзьдзі першых складалі гэтак званыя баяры, прадстаўнікі буйнага землеўладаньня. якія пасьпелі выдзеліцца з роду і падчапіць сабе больш слабыя радавыя элемэнты. Гэта была ваенная кляса, зьвязаная з вялікім князем ваенна-павіннымі адносінамі. Літоўскае баярства было абавязана адбываць з сваіх зямель розныя натуральныя павіннасьці, як-то: пабудову новых гарадоў і направу старых, прывоз патрэбнага для пабудовы матар'ялу, каменьняў, дроў, направа дарог, пабудаваньне новых мастоў і направа старых. Апрача гэтага баяры былі абавязаны касіць сена ў княжых добрах, даваць стацыю ў выпадку прыезду князя і яго ўраднікаў і дастарчаць хурманкі. Баяры былі зьвязаны і натуральнымі павіннасьцямі — давалі авёс і сена. У Літве і жмудзі такія падаткі называліся „дзятлам". Рабочая кляса, якая складала ніжэйшую групу вольных людзей, сядзела на гаспадарскіх і часткаю — ўласьніцкіх духоўных і сьвецкіх землях. Рабочае насяленьне выпаўняла з сваіх зямельных вучасткаў шэраг натуральных павіннасьцей. На Беларусі і Украіне часьць вольных людзей ужо ў XIV ст. папала ў экономічпую залежнасьць ад дужэйшых і фактычна утраціла права пераходу. Гэта група насяленьня складала зародак паншчыны. Да рабочае клясы адносіцца і „чэлядзь нявольная", „рабы". Крыніцамі рабства былі: палон,