Старонка:Пічэта Гісторыя Беларусі.pdf/84

Гэта старонка не была вычытаная

спаўсюджваўся паміж літоўскай арыстакратыі. Гэткім чынам прыняў каталіцызм ваявода Ольгэрда Гаштольд, які залажыў францішканскі манастыр, разбураны гарадзкой паганскай партыяй у часе паходу Ольгэрда на Маскву. Духавенства было замучана. Калі Ольгэрд вярнуўся дамоў, то, паводле слоў летапісца, было пакарана сьмерцю да пяцісот чалавек. Францішканскі манастыр быў зноў адбудованы, але не на старым месцы, а па-за горадам. Географічнае суседзтва, экономічныя і політычныя зносіны з беларусамі спрыялі дабравольнай хрысьціянізацыі Літвы. Праваслаўе пранікла ў сфэру княжай і часткай баярскай арыстакратыі. Паводле слоў польскага хроністага Стрыйкоўскага, амаль ня усе князі Гэдымінавічы прынялі хрысьціянства паводле праваслаўнага абраду. Энэргічнымі місіонэркамі былі абедзьве жонкі Ольгэрда: Марыя Віцебская і Юліяна Цьвярская. Палац князя стаў штабам праваслаўя. Пры падтрыманьні ўлады і на яе сродкі будаваліся сьвятыні. У царкоўных адносінах праваслаўная царква падлягала маскоўскаму мітрапаліту. Гэтая залежнасьць пры напружаных адносінах з Масквой прымушала клапаціцца аб асобым мітрапаліце для Літвы. Ольгэрд пасылаў жалабу ў Канстантынопаль на мітрапаліта Аляксея з просьбай назначыць асобнага праваслаўнага мітрапаліта для Літвы. У 1373 годзе патрыарх Філафей паслаў інака Кіпрыяна, родам сэрба, каб выясьніць непаразуменьні паміж Ольгэрдам і мітрапалітам Аляксеем. На просьбу Ольгэрда, Кіпрыян атрымаў годнасьць мітрапаліта і пасяліўся ў Кіеве (1374). Аднак пасьля сьмерці мітрапаліта Аляксея, Кіпрыян заняў маскоўскую мітрапаліцкую катэдру, пакінуў Кіеў і выехаў у Маскву. Літва апынулася зноў у залежнасьці ад Масквы ў царкоўна-рэлігійных адносінах. Праваслаўныя цэрквы і манастыры надзяляліся багатымі зямельнымі фундацыямі.

2. Магнацкая фэодальная монархія.

А). Літоўска-польскія вуніі.

Першая вунія. Літоўска-Беларуская дзяржава суседзіла з Польшчай, з якой літоўскія вялікія князі падтрымлівалі прыяцельскія сувязі. Паяўленьне немцаў павінна было спрыяць яшчэ большаму збліжэньню гэтых дзяржаў з тае прычыны, што на іх тэрыторыі распачаўся націск з боку немцаў, і што кожная ў паасобку дзяржава не магла ўстаяць супроць гэтага націску. Калі немцы захапілі вусьце Віслы і Нёману, то абедзьве дзяржавы папалі ў поўную экономічную залежнасьць ад Тэўтонскага закону. Такім чынам экономічныя і нацыянальна-політычныя чыньнікі падымалі пытаньне а больш цесным політычным збліжэньні абедзьвюх дзяржаў. Палякі з свайго боку стараліся ажыцьцёвіць свае даўнейшыя дыплёматычныя пляны далучыць да Польшчы Валыншчыну. Польскія дыпляматы вельмі добра разумелі, што літоўскі ўрад дабрахоць не аддасьць Валыншчыны. Збліжэньне Літвы з Польшчай абяцала вярнуць Жмудзь, якую ўступіў Ягайла немцам, а гэтак сама знайсьці ў Польшчы падтрыманьне ў барацьбе з нездаволеннымі ўдзельнымі князьмі. З мэтай ажыцьцяўленьня сваіх плянаў, дыплёматы запрапанавалі вялікаму князю Ягайле ажаніцца з польскай каралевай Ядвігай і аб’яднаць дзьве дзяржавы ў адну. Ягайла прыняў гэтыя ўмовы і 14-га жніўня 1385 году ў Крэве была падпісана першая унітарная ўмова. Ягайла абавязваўся паводле гэтай умовы прыняць каталіцызм і хрысьціць сваіх братоў, баяр і свой народ; вярнуць адабраныя ад Польшчы землі, заплаціць дзьвесьце тысяч флёрынаў няўстойкі быўшаму жаніху Ядвігі і на “вечныя часы далучыць да Польшчы літоўскія і рускія землі”. Акт Крэўскай вуніі быў падпісан Ягайлам і яго братамі за сябе і за тых удзельных князёў, якія адсутнічалі пры гэтай умове. Пасьля каранацыі Ягайлы,