Старонка:Пічэта Гісторыя Беларусі.pdf/86

Гэта старонка не была вычытаная

Ягайлай крыжаком, бязупынку паўставала. Жмудзіны, у якіх немцы адбіралі жанок, бралі заложнікаў, захаплялі рыбныя і зьвярыныя промыслы, і забаранялі гандаль з суседзьмі, — чакалі дапамогі ад Вітаўта. Літве патрэбна была Жмудзь, як дарога да мора, дзеля ўзнаўленьня спыненых гандлёвых сувязяў, але першы пэрыод вайны закончыўся няўдачна. Паводле ўмовы з немцамі 1404 году Жмудзь заставалася за імі. Паўстаньні ў Жмудзі ня спыняліся. Вітаўт насупроць сваіх абяцаньняў увесь час дапамагаў гэроічным жмудзінам. Вялікі магістар Ульрых фон-Юнгінгэн адзначаўся вялікай ваяўнічасьцю і рыхтаваўся даць ліцьвінам рашучы бой. Да 1409 году Вітаўт стараўся ўхіляцца стычак з Законам. Згода з Маскоўскім вялікім князем дазволіла Вітаўту распачаць больш сьмелыя крокі. 8 ліпеня 1410 году пад асабістым верхаводзтвам Ягайлы і Вітаўта ўтаргнулася ў Прусію іх войска. Рашучая бойка адбылася пад Грунвальдам (Таннэнбэрг), у якой Закон быў разьбіты нашчэнт. У часе бітвы быў забіты сам Вялікі Магістар. Беларускія палкі, асабліва смальняне, былі прычынай удачы гэтае бітвы. Закон атрымаў пад Грунвальдам рашучы ўдар. Торунскі мір 1 лютага 1411 г. перадаваў Жмудзь Літве і абавязваў Закон выкупіць палонных сумаю ў сто тысяч коп богэмскіх грошай. У 1422 годзе ваенныя дзеяньні распачаліся нанова, але закончыліся поўнай няўдачай для немцаў. Мір у Велуне, завязаны ў маю 1423 году, быў нявыгадным для Закону.

Гарадэльсная вунія. Перамога літоўска-беларускага войска пад Грунвальдам падняла політычнае значэньне Вітаўта, які пачаў старацца, каб вызваліцца ад Польшчы. Каб перашкодзіць гэтаму, палякі павінны былі пайсьці на ўступкі ў нацыянальна-політычных адносінах, і здаволіць вымаганьні Вітаўта і мясцовага баярства. Увосень 1413 году ў Гародле на З. Бугу быў падпісаны новы унітарны трактат, які цалкам зьмяняў умовы першых трох вуній. Прысутнасьць на зьезьдзе літоўскага баярства і ваенна-служылае клясы падкрэсьлівала важнасьць політычнага моманту. Новая вунія давала Літве права на самастойны дзяржаўны ўклад. Літва будзе мець свайго асобнага гаспадара, які знаходзіцца ў васальных адносінах да Польшчы. Аднак літоўскае магнацтва абавязвалася не выбіраць нікога гаспадаром, апрача таго, каго ім дасьць Ягайла за нарадай польскіх і літоўскіх прэлатаў і баяр. У свой чарод, у выпадку калі-б дынастыя Ягайлы перарвалася, новы кароль выбіраецца з ведама і ўдзелу Вітаўта, баяр і шляхты княства. Гарадэльская вунія — вялікая політычная перамога літоўскіх нацыяналістых, якія аднак не маглі здаволіцца гэтай перамогай і яўна імкнуліся да поўнага разарваньня з Польшчай.

Проэкт каранацыі. Барацьба з немцамі падняла аўтарытэт вялікага князя Вітаўта. Дабіўшыся ад палякаў новае больш выгоднае для Літвы ўмовы з Польшчай, літоўскае баярства і Вітаўт усёткі яўна імкнуліся да поўнага аддзяленьня ад Польшчы і пастанавілі каранаваць Вітаўта каралеўскай каронай. Каранацыя была назначана ў Луцку на лета 1429 году. Палякі, жадаючы перашкодзіць плянам Вітаўта, прапанавалі яму польскую карону, бо Ягайла згаджаўся адмовіцца ад трону. Аднак каранацыя не адбылася. У 1430 годзе Вітаўт памёр. У момант сьмерці Вітаўта Літоўска-Беларуская дзяржава была фактычна незалежнай ад Польшчы.

Соцыяльна-політычныя скуткі вуніі. Адным з політычншх скуткаў апошняй вуніі было ўстанаўленьне выбіральнасьці вялікакняскай улады. Вуніі спрыяла тое, што на Літву пачала пранікаць польская шляхецкая культура ў выглядзе шляхецкіх прывілеяў 1387—1413 г. г., паводле якіх баярства, прыняўшае каталіцызм, атрымлівала вельмі важныя індывідуальныя правы і вольнасьці. Умацаваньне літоўскае арыстакратыі выклікала опозыцыйны рух з боку беларускіх і ўкраінскіх земляўласьнікаў; гэты рух меў вялікае значэньне для політычных зносін паасобных краін.