Старонка:Пічэта Гісторыя Беларусі.pdf/89

Гэта старонка не была вычытаная
В). Літва і краіны ў XV ст.

Політыка магнацтва. Паміж магнатамі-змоўнікамі ня было еднасьці адносна найбольш пажаданага кандыдата на вялікакняскі пасад. Адны былі згодны прызнаць Сьвідрыгайлу, іншыя высоўвалі кандыдатуру Міхайлы — сына забітага Жыгімонта. Былі і такія, якія высоўвалі кандыдатуру Ўладыслава Трэцяга. Найбольш значная аднак партыя падтрымлівала кандыдатуру малалетняга сына Ягайлы — Казіміра, якому было толькі 13 год. Для магнатаў гэта кандыдатура была найбольш даспадобы. У выпадку абраньня Казіміра на вялікакняскі пасад,. вунія з Польшчай была-бы разорвана, а магнаты, апынуўшыся ля ўлады, маглі-бы надаць політыцы ўраду пажаданы для сябе кірунак. Да караля Ўладыслава было послана ўрачыстае пасольства, але польскі кароль згаджаўся паслаць брата ў Літву толькі намесьнікам, апіраючыся ў гэтым на ўмовы вуніі 1432 году. Калі Казімір прыбыў у Літву, то яго імя аб’ядняла ўсё літоўскае магнацтва, якое абвясьціла Казіміра вялікім князем літоўскім (1440). Вунія была разорвана. Палякі адмовіліся прызнаць за Казімірам вялікакняскі тытул. Ліцьвіны з гэтым зусім ня лічыліся.

Літва і Беларуска-Ўкраінскія землі. Політыка літоўскага магнацтва не выклікала спачуваньня паміж магнатамі беларускімі і ўкраінскімі, якія ня прымалі ўдзелу ў абраньні вялікага князя. Гэта выклікала ў украінскіх і беларускіх краінах нездаволеньне, якое пагражала распадам дзяржавы. Опозыйцыйны рух быў менш небясьпечным, чымся пры Сьвідрыгайле. Кожная краіна дзейнічала самастойна, і літоўскаму ўраду зусім лёгка было супакоіць паўстаўшая землі. Перш за ўсё распачалося паўстаньне ў Смаленску. Мясцовыя чорныя людзі, сабраўшыся на вечы, прымусілі літоўскага намесьніка — пана Андрэя Саковіча ўцякаць у Літву. Многа баяр было забіта. Веча заклікала да сябе гаспадаром Мсьціслаўскага князя Юр‘я Лінгвеньневіча, які прытрымліваўся дэмократычнае політыкі і тэрорызаваў смаленскіх баяр, садзячы іх у вастрогі і раздаючы іх маёнткі сваім мсьціслаўскім баярам. Гэткая політыка князя Юр’я выклікала супроць яго моцную опозыцыю ў самым Смаленску. Літоўскі вялікі князь пайшоў на ўсьмірэньне Смаленску. Першы паход закончыўся няўдачна. У часе другога паходу князь Юры ўцёк у Ноўгарад-Вялікі адкуль з часам зноў вярнуўся ў свой родны Мсьціслаўль. Далучыўшы Смаленск, вялікі князь Казімір пасьпяшыў цясьней прывязаць Смаленскую зямлю да ўласна Літвы, выдаўшы ёй пацьвярджальны прывілей на правы і вольнасьці, наданыя Вітаўтам (1442). Крыху пазьней (1451) атрымалі гэткія-ж прывілеі Полацкая і Віцебская землі. У гэты час і распачалося паўстаньне на Жмудзі, як протэст супроць політыкі жмудзкага старасты — пана Кезгайлы. Жмудзіны прагналі свайго старасту і абралі свайго ўласнага ў асобе нейкага Доўманта. Адначасна з гэтым яны зусім адарваліся ад Літвы, прызнаючы сваім князем Міхайла Жыгімонтавіча. Паўстаньне на Жмудзі не патрабавала ўмяшаньня ваеннае сілы. На Жмудзь быў пасланы настаўнік маладога вялікага князя — Ян Гаштольд, які ўмела ўгаварыў Жмудзінаў прызнаць уладу вялікага князя літоўскага. З свайго боку Казімір быў прымушаны даць Жмудзкай зямлі пацьвярджальны краінны прывілей. І Падляская зямля гэтак сама адпала ад Літвы. Яе стараста паддаўся пад уладу Баляслава Мазавецкага, але з Баляславам была зроблена ўмова, паводле якой ён адступаў Літве Падляшша за шэсьць тысяч коп рускіх грошай. І Ўкраінскія землі праявілі сэпаратызм. Калі ўцёкшы ў Маскву Міхайла Жыгімонтавіч вярнуўся адтуль і з войскам падступіў да Кіева, то кіяўляне здаліся. Аднак адпаўшая зямля была хутка зьвернута пад уладу вялікага князя. Казімір пасьпяшыў даць Кіеўскай зямлі асобнага князя – Алелька, сына Ўладзіміра Ольгэрдавіча. Алелька памёр у 1445