Старонка:Пічэта Гісторыя Беларусі.pdf/90

Гэта старонка не была вычытаная

годзе. Насьледнікам быў яго сын Сымон, па сьмерці якога (1471) ўдзельнае княжаньне было заменена намесьніцтвам у асобе літоўскага пана М. Гаштольда. Тады-ж Кіеўская зямля атрымала ад вялікага князя пацьвярджальны краінны прывілей. Валынская зямля і усходняе Падольле мелі асобнага князя—Сьвідрыгайлу, прызнаўшага сувэрэнітэт свайго пляменьніка і атрымаўшага ад вялікага князя Валынскую зямлю ў дажывотнае ўладаньне. Па сьмерці Сьвідрыгайлы, Валыншчына паводле тастамэнту Сьвідрыгайлы перайшла да Казіміра, які выдаў валынскай зямлі ў 1452 годзе краінны прывілей. Шляхам пацьвярджэньня мясцовай аўтономіі, Казіміру ўдалося аб’яднаць раскіданую Літоўска-Беларускую дзяржаву.

Г). Літоўска-Беларуская дзяржава ў барацьбе супроць вуніі.

Часы Казіміра (1440-1492) і Аляксандра (1492-1506).

Абраньне Казіміра на польскі трон. Спачатку палякі не падымалі пытаньня аб вуніі. Літва і Польшча жылі самастойным паасобным палітычным жыцьцём. У 1444 годзе польскі кароль Уладыслаў ІІІ загінуў у бойцы з туркамі пад Варнай. Палякі на Серадзкім сойме абралі (1445) Казіміра польскім каралём і спадзяваліся актам абраньня вярнуць назад украінскія землі і аднавіць ранейшыя унітарныя адносны. На прапазыцыю палякаў літоўскія магнаты адказалі адмовай; але калі палякі пачалі высоўваць кандыдатуру Баляслава Мазавецкага, то магнаты пасьпяшылі згадзіцца на абраньне Казіміра польскім каралём, але не давалі згоды на вунію, заснованую на старых трактатах. Літоўскія паны баранілі незачэпнасьць дзяржаўнай тэрыторыі і самастойнасьць дзяржаўнага ладу. Пасьля перагавораў ліцьвіны далі сваю згоду і вялікі князь Казімір адправіўся у Кракаў для каранацыі, якая адбылася 24-га ліпеня 1447 году. Перад гэтым магнаты ўзялі ад вялікага князя Казіміра запіс, у якім ён прызнаваў толькі абаронны саюз паміж Польшчай і Літвой, а Валыншчына і Падольле лічыў літоўскімі землямі. Адпраўляючыся на каранацыю ў Кракаў, Казімір 2-га мая 1447 году выдаў прывілей, які пашыраўся на ўсе землі. Гэтым самым прывілеі 1387—1434 г. распаўсюджваліся і на беларуска-ўкраінскую шляхту, але захоўвалі некаторыя абмежавальныя артыкулы рэлігійнага характару, паводле якіх права займаць вышэйшыя ўрады прыналежала толькі католікам. У гэтым-жа прывілеі Казімір даваў абяцаньне трымаць Літоўскае княства ў тых граніцах, у якіх яно было пры Вітаўце, а гэтак сама і абараняць яго. Ня гледзячы на абраньне Казіміра польскім каралём, юрыдычныя адносіны паміж Літвой і Польшчай аставаліся ўвесь час нявызначанымі.

Пытаньне аб Украінскіх землях. На першым сойме ў Петракове 24-га жнівеня 1447 г. палякі запатрабавалі ад Казіміра прысягі на аб‘яднаньне Літвы з Польшчай і на далучэньне Валыншчыны і Падольля да Польшчы. Казімір і літоўскія магнаты не згадзіліся на гэта. На Люблінскім сойме ў маі 1448 году палякі паднімалі зноў бясскутэчна гэтыя пытаньні. На сойме ў Серадзе 24 жніўня 1452 году, калі літоўска-беларускае магнацтва выехала, палякі запатрабавалі ад Казіміра прысягі на аб’яднаньне Літвы з Польшчай і на далучэньне Валыншчыны і Падольля да Польшчы. Казімір быў прымушаны даць сваю згоду, але прасіў адлажыць прысягу на адзін год з тае прычыны, што канечна трэба прыняць перасьцярожныя крокі для забесьпячаньня сваёй уласнай асобы. 3-га чэрвеня 1453 году адбыўся сойм у Парчэве. Літоўска-беларускія магнаты адмовіліся прыехаць і спыніліся ў Бярэсьці і толькі на просьбу самога караля згадзіліся прыехаць. Сойм быў адложаны на 24 чэрвеня і адбыўся ў Петракове. Былі прысутны толькі адны палякі, якім удалося прымусіць караля прынесьці прысягу, хаця ўмовы вуніі заставаліся нявызначанымі.