Старонка:Пічэта Гісторыя Беларусі.pdf/99

Гэта старонка не была вычытаная

на выключнае кіраваньне валасьцямі, а гэтак сама і ўсе мясцовыя правы і звычаі, наданыя ранейшымі вялікімі князьмі; забесьпячае асабовую незачэпнасьць і індывідуальную адказнасьць за праступленьні; дае шляхце права часовага выезду заграніцу, зроўнівае кіеўскую шляхту з літоўскаю ва ўсіх правох і абавязках, вызначае грашовыя падаткі і натуральныя павіннасьці, забараняе свабодны пераход сялян з гаспадарскіх зямель на прыватна-ўласьніцкія і, наадварот, звальнае ўласьніцкіх сялян, жывучых у гарадох, ад мясцовай юрысдыкцыі і гарадзкіх налогаў, забесьпячае царкве неўмяшаньне ў царкоўныя справы. Валынскі прывілей пацьвярджае ўсе правы і вольнасьці, якімі ўжо карысталася Валынская зямля, вызначае станавыя правы шляхты, забесьпячае асабовую незачэпнасьць, бароніць насяленьне ад самаўпраўства мясцовае адміністрацыі, вызначае процэсуальныя нормы, забараняе назначаць і зьбіраць новыя падаткі, вызначае склад і компэтэнцыю старасьцінскага суду, зьмяшчае ў сабе некалькі пастаноў, датычных крымінальнага права.

З). Народная гаспадарка ў XV і першай палове XVI ст.

Паўднёвы гандаль. Заходняя Дзьвіна, Нёман і Зах. Буг злучалі Літоўска-Беларускую дзяржаву з рынкамі Захаду, у той час, як па Дняпры наладжваецца гандаль з Усходам. Паступовае ўмацаваньне таварамену з Захадам і зьмена ў структуры гаспадаркі апошняга адбіваліся на становішчы і разьвіцьці народнае гаспадаркі ў Літве-Беларусі. Паўднёвы гандаль, які меў гэтак вялізнае значэньне для эпохі Кіеўскае дзяржавы, спыніўся пасьля таго, як татары захапілі Чарнаморскія стэпы. Гэты гандаль крыху ажывіўся ў палове XV веку, але пагромы Менглі-Гірэя рабілі немагчымым разьвіцьцё таварамену з Усходам. У XVI ст. гандаль зноў ажыўляецца, але для народнае гаспадаркі ён меў другараднае значэньне. Цэнтрам гандлю быў Кіеў для купцоў, прыяжджаўшых з Пэрсыі, Індыі, Арабіі, Сырыі. Адгэтуль усходнія тавары накіроўваліся на Маскву, Пскоў, Ноўгарад і далей у Данію і ў Швэцыю. Літоўска-татарскія напружаныя адносіны ў значнай меры паралізавалі разьвіцьцё паўднёва-ўсходняга гандлю.

Гандаль з Ноўгарадам і Масквой. Літва ў працягу XV веку падтрымлівала гандлёвыя сувязі з Ноўгарадам. Ноўгарадзкія купцы прывозілі ў Вільню ўсходнія тавары і вывозілі адгэтуль сырэц. Дагавор 1431 году дазваляў прыяжджаць ліцьвіном у Ноўгарад. Прызнаньне Ноўгарадам сувэрэнітэту Вялікага Княства Літоўскага павінна было зьвязаць Літву з Ноўгарадам яшчэ цясьней. Упадак Ноўгарадзкай незалежнасьці спыніў гандаль з Ноўгарадам. Уласныя гандлёвыя сувязі з Захадам рабілі лішнімі гандлёвыя зносіны з Ноўгарадам. Літоўска-Маскоўскія войны ХV-га і першай паловы XVI ст. перашкаджалі разьвіцьцю правіловага таварамену паміж Літвой і Масквой. Для Масквы літоўскі рынак быў вельмі важны дзеля скупкі серабра. Вялікі адплыў апошняга з Літвы выклікаў забарону вывазу серабра ў Маскву. І маскоўскія купцы трымаліся ў адносінах да літоўскіх такіх-жа забарончых мер.

Гандаль з Захадам. Ня гледзячы на варожыя адносіны Літвы з Законам, апошні павінен быў даць Літве права свабоднага гандлю на сваёй тэрыторыі. Разгром 1410 году спрыяў разьвіцьцю таварамену з Захадам па Нёману. Яшчэ мацнейшымі сталі сувязі з Захадам пасьля таго, як Гданск адыйшоў да Польшчы (1406). Адначасна з гэтым умацоўваецца таварамен па Дзьвіне дзеля таго, што агульны заняпад Закону прымушаў магістра моцна трымацца Літвы і Польшчы. К пачатку XVI ст. выясьнілася пераважнае значэньне заходняга і паўночна-заходняга гандлю. Літва вывозіла продукты свайго краю: мёд, воск, хутры, скуры. Захад адсылаў сукно, цукер, жалеза, селядцы, розныя