Старонка:Піятуховіч Колас.pdf/1

Гэта старонка была вычытаная

Якуб Колас як нацыянальны беларускі поэта.[1]

Гісторыя кожнага народу ёсьць выяўленьне нацыянальнага характару з боку валявога; літаратура ёсьць выяўленьне гэтага характару з боку інтэлектуальнага і галоўным чынам эмоцыяльнага: у літаратуры адбіваецца складаны комплекс думак і пачуцьцяў народу, гэта люстра яго ўнутранага жыцьця, яго псыхікі.

Старая ісьціна, што псыхіка кожнага народу мае свае спэцыфічныя адзнакі, свае асаблівасьці. Наколькі ў літаратуры адбіваюцца гэтыя асаблівасьці, пастолькі літаратура набывае нацыянальны характар. Часта бывае, што краснае пісьменства доўгі час дае толькі перапевы чужога, так сказаць, коўзаецца толькі на паверхні жыцьця, перш чым закрануць яго глыбіню, ускрыць багацьце душы народу. Расейская літаратура павінна была перажыць доўгі пэрыад нэоклясыцызму, сантыменталізму і романтызму―напрамкаў выключна навесных заходня-эўрапэйскімі ўзорамі―перш чым яна здужала ўзайсьці на самастойны шлях і ў асобах Пушкіна і Гоголя выявіла свой нацыянальны гэні.

Інакш стаіць справа у беларускай літаратуры. Маладое беларускае пісьменства ня ведала кабалы чужога. Былі, праўда, надворныя уплывы, але ня поўная залежнасьць, ня страта самастойнасьці. Ня гледзячы на параўнальна кароткі час свайго істнаваньня, новая беларуская літаратура здужала ўжо стаць на пэўны нацыянальны шлях, выявіць жыцьцё і душу беларуса.

Чым растлумачыць гэтае выключэньне, мала знаходзячае сабе прыкладаў у гісторыі іншых літаратур? Змуста пайсьці па шляху чужога была вялікая і для песьняроў Беларусі. Самыя буйныя нашы таленты выступалі на літаратурную ніву тады, калі літаратуры суседніх народаў затаплялі хвалі дэкадэнства, але беларускае пісьменства―ведаем мы―і у той час супакойна йшло на свайму шляху здаровага рэалізму; яно ня ведала порнаграфіі, ня ведала палавой праблемы ў стылю Арцыбашава і А. Каменскага.

Што-ж ратавала беларускую музу, што-ж дапамагала ёй да канца пранесьці свае сьветлыя шаты чыстымі і не запляменымі? Нам думаецца, ратавала яе блізкасьць да народнае глебы, кроўнае радство з гэтай глебай.

  1. Даклад, чытаны 30 красавіка г. г. ва ўрачыстым пасяджэньні Фода Б.Д.У. пасьвячовым Я. Коласу.