Старонка:Піятуховіч Колас.pdf/2

Гэта старонка была вычытаная

Гістарычны лёс беларускага пляменьня склаўся так, што гэтае племя ня ведае моднай дыфэрэнцыяцыі. Вышэйшыя клясы даўно зрадзілі яму і пашлі па іншых шляхох чужой культуры. Доўгі час беларускі народ зусім ня меў сваёй інтэлігенцыі. Паняцьце «нацыя» тут зусім саўпала з паняцьцем «просты люд». Толькі ўжо ў апошнія дзесяцілецьці, амаль што на нашых вачох, пад сьветлым сьцягам адраджэньня многапакутнае бацькаўшчыны пачала пакрыху нараджацца і маладая беларуская інтэлігэнцыя: плоць ад плоці народу і кроў ад крывы яго.

Правадары гэтае інтэлігэнцыі―песьняры Беларусі―гэтак сама ў большай частцы сваей зьяўляюцца сынамі простага народу. Будучы цесна зьвязаны з роднай глебай, яны не маглі ўпасьці ў поўную залежнасьць ад чужого: ў іх былі свае тэмы і свае настроі, якія давалі ім шчырае поэтычнае натхненьне, зьяўляліся глыбокаю і чыстаю крыніцаю творчасьці. Адбуджэньне роднага краю ад вякавога сну, родная прырода, жыцьцё беларуса і яго псыхіка―вось гэтыя тэмы і настроі, якія чырвонаю ніткаю праходзяць праз усё беларускае пісьменства, гэтыя матывы вы знойдзеце ў творчасьці амаль што кожнага беларускага мастака.

Але з гэтых матываў ня кожны адначасна становіць сабою пераважны элемент у творчасьці беларускага поэты: звычайна адзін з іх уяўляе сабой галоўны матыў творчасьці, дае ёй, так сказаць, аснаўны тон, а іншыя зьяўляюцца матывамі другараднымі, так сказаць, обэртонамі. Матыў адбуджэньня беларускага народу найбольш поўна ёсьць выяўлены ў творчасьці Я. Купалы: ён прарок беларускага адраджэньня, ён яго ідэёвы правадыр. Жыцьцё беларускай вёскі з яе матэрыяльнай нуждой, малазямельлем і духоўнай цемрай найбольш поўна і красачна, здаецца нам, адбіта ў творчасьці Зьмітрака Бядулі. Нарэшце ў Я. Коласа мы знаходзім найбольш поўнае мастацкае выяўленьне псыхікі беларуса, складу яго вума і сэрца.

Усім вядомы кароткія агульныя азначаньні псыхікі некаторых эўрапэйскіх народаў. Досыць замацавалася думка, што глыбіня і цяжкаватасьць мысьлі ― гэта істотныя рысы немцаў, вастрата вума і экспансыўнасьць ― тыповыя рысы французаў, містыцызм і месыянізм―характэрныя адзнакі славянскай псыхікі наогул. Калі супраўды ў такіх ляпідарных выразах магчыма азначыць сутнасьць псыхікі таго ці іншага народу, дык, па нашай думцы, дзьве адзнакі зьяўляюцца характэрнымі і тыповымі рысамі псыкікі беларускай: гэта лірызм і філёзофская рэфлексыя, задумленасьць.

Не выпадковае зьявішча прадстаўляе сабой той факт, што беларускі народ стварыў вусную поэзію, якая сваім багацьцем і хараством зьдзіўляе самых бесстаронных крытыкаў і бадачоў. Вось што, напрыклад: гаворыць малады кіеўскі вучоны Саўчанка: перечитав все русские сказки, мы можем смело утверждать, что по живописи и красоте разсказа белорусские сказки не имеют себе равных.[1] Акад. Карскі сьведчыць, што хоць казкі займаюць адно з віднейшых мейсц сярод твораў усіх галін рускага народу, але асаб-

  1. Русская народная сказка. Кіев, 1914, стр. 245-246.