Старонка:Піятуховіч Колас.pdf/3

Гэта старонка была вычытаная

ліва багаты імі беларусы[1]. Гэтак сама сваёй пекнасьцю і багацьцем вызначаюцца і беларускія песьні. Гэты факт істнаваньня ў беларусоў багатай вуснай поэзіі сьведчыць аб тым, што беларускі народ мае ўнутраную патрэбу ў гуках выяўляць сваю душу: глыбока лірычны па сутнасьці сваей псыхікі беларускі народ у сваіх песьнях вылівае свае настроі і пачуцьці, у казках і легэндах ён выказывае свае думы аб жыцьці.

Гэтую ўласьцівасьць мае і творчасьць Я. Коласа: ён пераважна поэта-лірык. Глыбокім захапляючым лірызмам агорнуты ня толькі яго «Песьні жальбы», а нават і эпічныя творы. Яго поэма «Сымон Музыка», уся саткана з нітак найтанчэйшага лірызму, лірычныя адступленьні трапляюцца на кожным кроку і ў «Родных зьявах» Тараса Гушчы (другі псэўдонім Канстантына Міцкевіча).

Падабенства паміж народнай творчасьцю і творчасьцю Я. Коласа заўважываецца ня толькі ў гэтай агульнай ласьцівасьці лірызму, але і ў прыватнасьцях: у самых крыніцах лірызму.

Першай гэткай крыніцай для беларускага народу зьяўляецца прырода. Беларус пры ўсёй сваёй цемры і духоўнай неразьвітасьці ёсьць даступны эстэтычным эмоцыям; ён ёсьць здольны адчуваць хараство і цеснасьць Божага сьвету. Уся сымболіка народнай поэзіі пабудована з вобразаў, узятых з сьвета прыроды. Явар і бяроза, або каліна, голуб і галубка, салавей і зязюля ― гэткія і ім падобныя сымбалі рысуюць у вясельных песьнях адносіны паміж маладым і маладой. Народ падслухаў, як у саду шуміць усю ночку ліпушка зялёная, як жаласна кукуе ў гаю шэрая зязюля, і гэтыя малюнкі ён бяро, як сымбалі цяжкога задумленьня і гора. Перадаючы ў форме фантастычнай казкі свае ўражаньні ад зацьменьня сонца, народ з захапленьнем апісвае момант, калі спынілася гэта зьявішча прыроды: «и давъ Богъ на дворѣ вясёлосць, видносць на свѣци и цёплосць: што мѣсичакъ у начьчу свѣциць, у дзень совчушко грѣець»[2].

Апроч прыроды, вялікі ўплыў на народную душу робіць мастацтва. У канцы «Музыка і чарці» ў высока талянавітай форме перададзена ўся складаная гама пачуцьцяў і настрояў, вынікаючых пад уражаньнем музыкі: «От им здаецца, што якаясь слодыч улилася им у сэрца, а якаясь сила ухвацила на плечы й несе усе угору, и угору, к яспым зоркам, у чыстае небо, у чыстае сіняе шырокае небо»[3].

Так тонка беларускі народ рысуе сваё эстэтычнае пачуцьцё.

Гэта пачуцьцё становіць адзін з галоўных элемэнтаў і творчасьці Я. Коласа. Ён любіць прывольле -

Шырокіх палёў,
Зялёнае мора
Ржаных каласоў

.[4]
  1. Карскій. Бѣлоруссы. Т. ІІІ. выпуск 1. Москва 1916 г. стр. 118
  2. Романов. Белорусский сборник т. ІІІ. стр. 127.
  3. Сержпутовский. Сказки и разсказы белоруссов-водгуков СПБ. 1911 г.
  4. Песьні жальбы. Вільня, 1910 г. стр. 14.