Старонка:Піятуховіч Колас.pdf/7

Гэта старонка была вычытаная

на і Ганулі, і гэты рысунак яго ўвесь вытрыманы у пяшчотных, мяккіх танох. Каханьне ў Коласа мае ідэалістычную аснову: Гануля, дачка багатага гаспадара, пакахала жабрака-музыку, захапіўшыся яго ігрою на скрыпцы, прыняўшы блізка да сэрца яго долю небаракі. Не дарэмна сам аўтар ня даў свой твор казкай жыцьця. Як у супраўднай казцы, тут усё апавяданьне агорнута пекнай дымкай романтызму, далёка ад супраўднага жыцьця. Як сярэдне-вяковы трубадур, заводзіць Сымон сваю сэрэнаду на скрыпцы, гукі скрынкі вабяць Ганулю, ўначы адбываецца першае спатканьне. Поэта саромліва і пяшчотна апісвае гэта спатканьне, гэта першае дрыжаньне маладых сэрцаў, першы пацалунак каханьня:

Скончыў хлопчык казку гора
І галоўку пахінуў...
Зноў Сымонку, як ўчора,
Жаль вялікі агарнуў.
Ганна слоўца ні ўраніла,
Ўся замёрла, як і ён,
Бы жуда іх ахапіла,
Надышла з ўсіх старон.
І зьнячэўку Ганна ўстала.
Ўсім падхнуласа нутром.
Ў твар яго пацалавала
Крэпка-крэпка! І прапала
Дзесь ў саду за вішняком.[1]

Але за гэтым кароткім мігам шчасьця пацягнулася цяжкая штодзеннасьць разлукі, якую гэтак сама поэта ўмее рысаваць у мяккіх акварэльных танох:

З таго часу, як музыка
Тут убогі пабываў,
Зьмена з Ганнаю вяліка:
Бы яе прычараваў.
То разыдзецца, сьмяецца.
Бяспрычынна, весяла,
Песьня так яе і льецца.
І прыветна, і міла.
То маўчыць, людзей дзічыцца
І туляецца адна—
Трудна гутаркі дабіцца,
Маўчаліва і дзіўна...
З дзяцюкамі яна лёд,
І часамі ёй ня люба
Ні гульня, ні карагод.[2]

  1. Сымон Музыка, Менск 1918. стр. 104 і 105.
  2. Сымон Музыка "Вольны Сьцяг", 1921 г, № 3 (5), стр. 9.