Старонка:Піятуховіч Трус.pdf/15

Гэта старонка была вычытаная

і ў межах вёскі. Ён не паказвае нам клясавай барацьбы на вёсцы, не дае малюнкаў распластаваньня сялянства. Адсюль у поэты вынікае дробнабуржуазная глянцоўка вясковай рачаіснасьці. У яго "кужэльная вёска да Кастрычніка туліцца ўся"; вёска такім чынам скажона падаецца без усялякай дыфэрэнцыяцыі. Такая глянцоўка рачаіснасьці, затушоўваньне клясавай барацьбы злучаецца ў зарысоўках пісьменьніка з ідылічным падыходам да вёскі. Напр., вясковая праца ў яго скрозь падаецца ў ідылічных танох. Шэпты жытняга мора, звон сярпоў сталёвых у руках жнеек-красунь, лёскат і скрып ад калёс у сасоньніку вось тая вясковая музыка, ціхія мэлёдыі якой гучаць у лірычных вершах песьняра. Але ўсе гэтыя мэлёдыі зьліваюцца ў адзін акорд сялянскага індывідуалізму. Поэта любуецца сялянскім добрабытам у пасьлякастрычнікаўскай вёсцы, яго прыводзіць у стан захапленьня ўзьняцьце сялянскай гаспадаркі на вышэйшую тэхнічную ступень, пераход на шматпольле, засеў кармавых траў і г. д., поэта марыць нават аб трактары. Але ўвесь гэты тэхнічны прогрэс ім мысьліцца выключна ў асадках адзінаасобнай моцнай і ўстойлівай гаспадаркі; у яго неадрыўную частку вясковага пейзажу прадстаўляюць пасёлкі, якія "купаюцца ў сонцы" („Ураджаю“). Моцна зьвязаны з адзінаасобнай сялянскай гаспадаркай, Паўлюк Трус у сваёй творчасьці выразна выяўляе рысы сялянскага індывідуалізму. У гэтай творчасьці на першым яе этапе мы бачым шырокае разгортваньне асабовых мотываў: поэта вельмі часта замыкаецца ў вузенькі сьвет сваіх асабістых перажываньняў, аналізуючы свае ўласныя думкі, настроі, пачуцьці. У яго лірыцы інтымных перажываньняў на першае месца вылучаецца лірыка каханьня. Нескладаныя абразкі каханьня поэтай нязьменна апраўляюцца ў рамку вясковага пэйзажу або сялянскага быту. Спатканьне з любай дзяўчынай абавязкова ля крыніцы, або ў купальскую ноч у зялёным бары, разьвітаньне ля ваколіцы ў жытнім полі, пад гукі пявучай жалейкі, радасьць і смутак, асалода падзеленага пачуцьця і горкасьць разлукі, думы аб любай дзяўчыне, якая далёка

Кужаль дапрадае
Ўвечар пры лучыне
("Куды вецер вее").