Старонка:Піятуховіч Трус.pdf/7

Гэта старонка не была вычытаная

Цэлыя стагодзьдзі ў беларускай вёсцы, у яе гаспадарчым жыцьці і сузнаньні агромністых пластоў сялянства жыла гэта Сухараўка дробнай уласнасьці. Пакрытая зацьвілым мохам традыцый, сваім падмуркам увайшоўшая ў тоўшчу стагодзьдзяў, вежа ўласнасьці, здавалася шмат каму непарушнай цьвярдыняй. Але пад магутным напорам пролетарскай рэволюцыі захісталася і гэтая вежа, і сам яе падмурак зьніштажаецца зараз дашчэнту.

Сухараўка дробнай уласнасьці на вёсцы распадаецца, і разам з гэтым адбываюцца агромністыя зрухі ў сьвядомасьці ня толькі бядняцкіх, але і серадняцкіх сялянскіх мас. Гэтыя масы рашуча сталі на шлях соцыялізму, парываючы з дробнабуржуазным індывідуалізмам і абмежаванасьцю, пераключаючыся на новыя рэйкі, выяўляючы ў сваім асяродзьдзі тып новага чалавека.

Творчасьць Паўлюка Труса і мае для нас асаблівую цікавасьць у тых адносінах, што паступовы рост гэтай творчасьці раскрывае нам процэс высьпяваньня гэтага новага чалавека у асяродзьдзі рэволюцыйнага сялянства.

Творчасьць Паўлюка Труса распадаецца на два этапы: першы этап ахапляе сабой 1924—1927 гг., другі — 1928—1929 гг. Першы этап у сваю чаргу можа быць умоўна падзелены на два пэрыоды: а) 1924—1925 гг., і б) 1926—1927 гг. Узятая ў цэлым творчасьць Паўлюка Труса разьбіваецца, такім, чынам на тры двохгодкі, якія ўтвараюць сабой тры кругабегі: пачынальны, сярэдзінны і заключны.

Кожны з гэтых кругабегаў мы разгледзім па асобку.

На першым этапе Паўлюк Трус выступае як прадстаўнік асноўных сялянскіх мас эпохі пролетарскай рэволюцыі. Тыповы дробнабуржуазны поэта, ён на даным этапе нëс на сабе груз абмежаванасьці, палавінчатасьці і хісткасьці. Ленін так характарызуе супярэчлівую і няўстойлівую соцыяльна-клясавую прыроду дробнай буржуазіі: „Мелкобуржуазная стихия, піша ён, не даром называется стихией, ибо это действительно нечто наиболее бесформенное, неопределенное, бессознательное... Разорение, нужда, тяжесть положения вызывает колебания: сегодня за буржуазию, завтра за пролетариат. Только закаленный в боях авангард пролетариата способен устоять и противостоять колебаниям" (т. XXVІ, 2-е выд., 347-348).