Старонка:П’есы (1927).pdf/32

Гэта старонка не была вычытаная

Чутковіч

Бязумоўна, музыка мае страшэнна вялікі ўплыў на жывёлу, нават на такую, як асёл. Вот стаіць апусьціўшы вушы, заграй музыка — пачынае шавяліць, прыслухоўвацца. Я раз меў такі вопыт: сяджу ў садку, граю на гітары. Так перада мною быў столік. Граю. Гляджу з другога канца стала падпаўзае чарвяк, ну гэта… вусень, ці як яе. Паднімае, разумееш, галаву і слухае. (Поп слухае). Я тады пераходжу ў другі канец стала. (Пераходзіць у другі канец лаўкі. Поп — у процілеглы бок куста, каб не забачылі яго). Зноў пачынаю граць, не памятую, граў здаецца „На сопках Манжурыі“…

Вадзім

Ну для чарвяка ня мела значэньня, што ты іменна граў „На сопках Манжурыі“, важна, што ён слухае музыку.

Чутковіч

Чаму ня мела значэньня? Э-э… усё-ткі… Граю. Дык ён, разумееш перапоўз зноў на гэты край стала. Дык вот, браце!.. Ну, Вадзім, рад-бы яшчэ пагаварыць з табою, але трэба йсьці, зьбірацца і ехаць у горад на сваю службу. (Адыходзячы, да Вадзіма ціха). Напішы, як тут… (Вадзім кіўнуў галавою).

Вадзім

Усяго найлепшага. Калі будзеш прыяжджаць да сваіх бацькоў, заходзь і да мяне. (Васіль пашоў. Вадзім варочаецца да лаўкі, на сустрач — поп).

А. Серафім

Хто гэта быў, здаецца Васіль Чутковіч?

Вадзім

Гэта ён.