Старонка:П’есы (1927).pdf/47

Гэта старонка не была вычытаная

Вадзім

Паслухай.

Соня

Ну, што ты мне можаш сказаць. Песьня адна, мотыў стары… Больш нам няма аб чым гаварыць.

(Паварачваецца, хоча йсьці).

Вадзім

Выслухай мяне… (Паўза). Ты сама павінна ведаць, што тое, што комбінуе мой бацька, усё гэта супярэчыць маім поглядам, маім пачуцьцям, і я на гэтыя комбінацыі ніколі не пайду. Нашы спатканьні давалі нам бадзёрасьць, я змагаўся з цінаю, якая кожны дзень гатова была заплёснуць мяне. А цяпер, калі ты кінеш мяне, я ня ведаю, што станецца са мною. Праўда, я вырвуся з гэтага балота, але які знайду сабе шлях — невядома. Я сёньня-ж пакіну гэты дом…

Соня

Ну, пойдзем, крышку пагаворым.

(Пашлі паволі. Выходзіць а. Серафім).

А. Серафім

Якое дрэннае складаецца жыцьцё. Няўжо ты, госпадзі, дапусьціш? О, цяжка, цяжка!.. (Апускаецца на лаўку). Адзін сын… Няма бацькавай волі…

(Званар і Іцка).

Званар

Прыставіў, бацюшка, Іцку вам.

Іцка

Добры дзен, бацюшка. Ён мяне прыставіў? Што ты мяне прыставіў, а калі-б я не пашоў. Ну, але як бацюшка завуць, то я й сам пашоў.