Старонка:Расейская палітыка на землях былага Беларуска-Літоўскага гаспадарства за панаваньня Кацярыны II і Паўлы I.pdf/19

Гэта старонка была вычытаная

тэдра. Часова была створана кансысторыя для справау вуніятаў у Полацкім і Магілёўскім намесьніцтвах, якая складалася з 3—4-ох духоўных, заслугоўваючых на давер ураду. Кацярына II не сьпяшалася з назначэньнем біскупа. Толькі ў пачатку 1785 году быў назначаны на становішча вуніяцкага біскупа ў Полацку былы сябра кансысторыі Гэракл Лісоўскі. Перад яго назначэньнем быу выдадзены успомнены рэскрыпт, які выразна падважаў вунію. Згодна з ім, у выпадку звальненьня мейсца вуніяцкага духаўніка, адпаведныя улады мусілі апытаць люднасьць дадзенае парахвіі, ці не жадае ўвядзеньня праваслаўя, а калі так, дык у такім выпадку пскоўскі і магілёўскі праваслаўныя архіярэі мусілі назначаць праваслаўнага сьвяшчэньніка: першы—для полацкае, другі—для магілёускае губэрні. Далей было сказана, што ў выпадку, „калі-б парахвіяне зажадалі -духаўніка вуніята, дык кансысторыя абязана аддаць звольненую парахвію вуніяцкаму духаўніку бліжэйшае парахвіі, пакуль назначены намі сапраудны біскуп не пачне высьвянчаць новых духаўнікоў“[1]. Гэты загад адчыняў вуніятам дарогу ў праваслаўе („благочестіе“). Паступова праца архіярэя Ю. Конійскага, які „старанна“ імкнуўся навярнуць вуніятаў на праваслаўе, асягае намечаную ім мэту. I вось у 1794 г. Кацярына II выдае Тутолміну загад, каб ніхто з шляхты, ані духоўных, ані ўрадавых асоб не рабіў перашкоды пры пераходзе каго-небудзь з вуніі ў праваслаўе. Усялякія спробы стаўляньня перашкодаў пагражалі канфіскатай маёнтку і судовай карай[2].

Наварачваньне вуніятаў на праваслаўе, якому спачатку спраціўлялася сама Кацярына II з мэтай выклікаць вернападданчыя настроі сярод жыхарства забраных земляў, пад канец яе панаваньня дайшло да вельмі шырокіх разьмераў. Лічба наверненых ня ведама точна, але дасягае яна вялікае цыфры. У працягу аднаго месяца 1794 г. перайшлі на праваслаўе: 721 парахвіі, 333.012 грамадзян і 463 вуніяцкія духаўнікі. У гадох ад 1793 да 1796 нованаверненых на праваслаўе было каля 1.600.000 асоб[3]. Аб спосабах наварачваньня вуні­ятаў на праваслаўе (як перад гэтым рабілася наадварот) і абароне імі сваёй веры шмат ужо было пісана, дык, не затрымліваючыся даўжэй над гэтым, зазначым толькі, што часта вынікалі крывавыя бойкі паміж вуніяцкім насяленьнем і ўрадавымі праваслаўнымі „пропагатарамі”, так што сьвецкія ўлады змушаны бывалі паўстрымліваць залішне старанных пашыральнікаў праваслаўя[4]. Было ня мала выпадкаў пе­реходу вуніятаў у лацінскі абрад. Напр. у Магілёускай губэрніі 8 ты­сяч вуніятаў у 24-ох парахвіях перайшло ў лацінства і гэтак не паддалося навярненьню на праваслаўе. Палажэньне вуніяцкіх ордэнаў было таксама вельмі цяжкое. У 1795 годзе Кацярына II запрапанавала арцыбіскупу вуніяцкаму Лісоўскаму закрыць лішнія вуніяц­кія манастыры, а праз 10 гадоў, дзякуючы стараньням каталіцкага арцыбіскупа Сестранцэвіча, лічба вуніяцкіх манастыроў паменшылася з 84 да 25.

  1. Акты И. В. А. К. XVI.
  2. Акты И В. А. К. т. XVI. № 67.
  3. Лічба гэтая абыймае насяленьне і ўкраінскіх земляў.
  4. Даўгяла: „Урадавыя адносіны да ўніятаў за Паўлы І“. — „Scripta Historico-archeologica“. Менск 1927.