Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/10

Гэта старонка не была вычытаная

паклікаўшы свайго казачка, загадала яму ўвайсці ў яе і запытацца пра здароўе гаспадыні. Ён хутка звярнуўся ў суправаджэнні старога мужыка з белай барадой.

— Ну, што? — спытала Александра Паўлаўна.

— Жыва яшчэ... — праказаў стары.

— Можна ўвайсці?

— Чаму-ж? Можна.

Александра Паўлаўна ўвайшла. ў хату. У ёй было і цесна, і душна, і курна... Нехта закапашыўся і застагнаў на ляжанцы. Александра Паўлаўна азірнулася і ўбачыла ў поўзмроку жоўтую і зморшчаную галаву старэнькай, завязанай клетчатай хусткай. Пакрытая па самыя грудзі цяжкою світкай, яна насілу дыхала, слаба разводзячы худымі рукамі.

Александра Паўлаўна наблізілася да старэнькай і дакранулася пальцамі да яе лоба... ён так і пылаў.

— Як ты сябе адчуваеш, Матруна? — запытала яна, нахіліўшыся над ляжанкай.

— О-ох! — прастагнала старэнькая, угледзеўшыся ў Александру Паўлаўну. — Цяжка, цяжка, родненькая! Смертная гадзіна прышла, галубачка!

— Бог міласэрдны, Матруна: можа быць, ты ачуняеш. Ці прыняла ты лякарства, якое я табе прыслала?

Старэнькая тужліва завохкала і не адказвала, яна недачула запытання.

— Прыняла, — праказаў стары, спыніўшыся ля дзвярэй.

Александра Паўлаўна звярнулася да яго.

— Апрача цябе пры ёй нікога няма? — запытала яна.

— Ёсць дзяўчынка — яе ўнучка, ды ўсё вось адлучаецца. Не пільнуе: такая непаседа. Вады