Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/109

Гэта старонка не была вычытаная

ніхто-б гэтага не падумаў, гледзячы, з якой задумлёнай рашучасцю ён скрыжаваў рукі на грудзях і павадзіў вакол вачыма. Нездарма пра яго сказаў аднойчы Пігасаў, што яго, як кітайскага балванчыка заўжды пераважвала галава. Але з адной галавой, якая-б яна моцная ні была, чалавеку цяжка пазнаць, нават тое, што ў ім самім робіцца... Рудзін, разумны, праніклівы Рудзін, не ў сілах быў сказаць напэўна, ці кахае ён Наталью, ці мучыцца ён, ці будзе мучыцца разлучыўшыся з ёю. Навошта-ж, не прыкідваючыся нават лавеласам — гэтую справядлівасць аддаць яму належыць — навошта засмуціў ён бедную дзяўчыну? Чаму чакаў яе з таемным трапятаннем? На гэта адзін адказ: ніхто так лёгка не захапляецца, як халодныя людзі.

Ён хадзіў па плаціне, а Наталья спяшалася да яго прама праз поле, па мокрай траве.

— Паненачка, паненачка! Вы сабе ногі прамочыце, — гаварыла ёй яе пакаёўка Маша, ледзь паспяваючы за ёй.

Наталья не слухала яе і бегла не азіраючыся.

— Ах, як-бы не падгледзелі нас! — непакоілася Маша. — Ужо і таму дзівіцца трэба, як гэта мы з дома вышлі. Як бы мамзель не прачнулася... Добра, што недалёка... А ўжо яны, чакаюць-с, — дадала яна, убачыўшы раптам статную постаць Рудзіна, у маляўнічай позе стаяўшага на плаціне: — толькі дарэмна яны гэтак на юру стаяць — сышлі-б у лагчыну.

Наталья спынілася.

— Пачакай тут, Маша, каля соснаў, — праказала яна і спусцілася да пруда.

Рудзін падышоў да яе і спыніўся ў здзіўленні. Такога выразу ён яшчэ не прыкмячаў на яе твары. Бровы яе былі ссунуты, губы сціснуты, вочы глядзелі проста і строга.