Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/113

Гэта старонка не была вычытаная

калі яна абвясціла мне, што хутчэй яна згодзіцца на маю смерць, чым на шлюб мой з вамі; я ей адказала, што хутчэй памру, як выйду за другога замуж... А вы гаворыце: пакарыцца! Значыць, яна праўду сказала; вы, сапраўды, ад няма чаго рабіць, з нуды, пажартавалі са мною...

— Клянуся вам, Наталья Алексееўна... Запэўняю вас... — гаварыў Рудзін.

Але яна яго не слухала.

— Чаму-ж вы не спынілі мяне? Чаму вы самі... Альбо вы не разлічвалі на перашкоды? Мне сорамна гаварыць пра гэта... але-ж, усё ужо скончана.

— Вам трэба супакоіцца, Наталья Алексееўна, — пачаў было Рудзін: — нам трэба разам падумаць, якія меры...

— Вы так часта гаварылі пра самаахвяраванне, — перапыніла яна: — але, ці ведаеце, калі б вы сказалі мне сёння, зараз: "Я цябе кахаю, але я жаніцца не магу, я не адказваю за будучае, дай мне руку і ідзі за мною", — ці ведаеце вы, што я бы пайшла за вамі, ці ведаеце, што я на усё пайшла? Але, мабыць, ад слова да справы яшчэ далёка, і вы цяпер збаяліся якраз таксама, як збаяліся трэцяга дня, за абедам, перад Валынцэвым!

Чырвань кінулася ў твар Рудзіну. Нечаканая захопленасць Натальі яго ўразіла, але апошнія словы зачапілі яго ганарлівасць.

— Вы вельмі расстроены цяпер, Наталья Алексееўна, — пачаў ён: — вы не можаце зразумець, як вы страшна абражаеце мяне. Я спадзяюся, што з часам вы аддадзіце мне справядлівасць; вы зразумееце, чаго мне каштавала адмовіцца ад шчасця, якое, як вы кажаце самі, не накладвала на мяне ніякіх абавязкаў. Ваш спакой мне даражэй за ўсё