справядліва; яна варта не такога кахання, якое я да яе адчуваў... Адчуваў?.." спытаў ён самога сябе. "Хіба я ужо больш не адчуваю кахання? Так вось як гэта ўсё павінна было скончыцца! Які я быў мізэрны і нікчэмны перад ёй!"
Лёгкі стук бегавых дрожак прымусіў Рудзіна падняць вочы. Да яго насустрач, на заўсёдашнім сваім рысачку, ехаў Лежнёў. Рудзін моўчкі з ім прывітаўся, і, як уражаны раптоўнай думкай, звярнуў з дарогі і хутка пайшаў, накіраваўшыся да дома Дар'і Міхайлаўны.
Лежнёў даў яму адыйсці, паглядзеў услед за ім і, падумаўшы крыху, таксама завярнуу свайго каня — і паехаў назад да Валынцэва, у якога правёў усю ноч. Ён застаў яго сонным, не загадаў будзіць яго і, у чаканні чаю, сеў на балкон і закурыў люльку.
Валынцэў падняўся гадзіне а дзесятай і, даведаўшыся, што Лежнёў сядзіць у яго на балконе, вельмі здзівіўся і загадаў яго прасіць да сябе.
— Што здарылася? — запытаў ён яго. — Ты-ж хацеў да сябе паехаць?
— Так, хацеў, ды спаткаў Рудзіна... Адзін шагае па полі, і твар такі расстроены. Я ўзяў ды і вараціўся.
— Ты вараціўся таму, што спаткаў Рудзіна?
— Бачыш, праўду сказаць, я сам не ведаю, чаму я вараціўся: мабыць, таму, што пра цябе ўспомніў; хацелася з табою пасядзець; а да сябе я яшчэ паспею.
Валынцэў горка ўсміхнуўся.
— Так, пра Рудзіна не можна цяпер падумаць, не падумаўшы таксама і пра мяне... Чалавек! — крыкнуў ён гучна: — дай нам чаю.