Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/117

Гэта старонка не была вычытаная

Прыяцелі пачалі піць чай. Лежнёў загаварыў-было пра гаспадарку, пра новы спосаб крыць амбары паперай...

Раптам Валынцэў ускочыў з крэсла і так моцна стукнуў па стале, што чашкі і сподкі зазвінелі.

— Не! — усклікнуў ён: — я гэтага болей вытрываць не ў сілах. Я пашлю выклік гэтаму разумніку, і хай ён мяне застрэліць, альбо ўжо я пастараюся ўляпіць кулю ў яго вучоны лоб.

— Што ты, што ты, супакойся! — прамармытаў Лежнёў: — як можна так крычаць? Я чубук выраніў... Што з табою?

— А тое, што я чуць спакойна імя яго не магу: уся кроў у мяне так і заходзіць.

— Досыць, брат, досыць! Як табе не сорам! — адказаў Лежнёў, падымаючы з падлогі люльку. — Кінь! Ну яго!..

— Ён мяне абразіў, — зноў загаварыў Валынцэў, расхаджваючы па пакоі. — Так! ён абразіў мяне. Ты сам павінен з гэтым згадзіцца. Спачатку я проста згубіўся: ён азадачыў мяне; ды і хто мог чакаць гэтага? Але я яму давяду, што са мною жартаваць нельга... Я яго, праклятага філасофа, як курапатку застралю.

— Многа ты гэтым выгадаеш, як-жа! Я ўжо пра сястру тваю не гавару. Вядома, цябе абурае пал... дзе там табе пра сястру думаць. Ды у дачыненні да другой асобы, што, ты думаеш, забіўшы філосафа, ты справы свае паправіш?

Валынцэў кінуўся ў крэсла.

— Так я паеду куды-небудзь! А то тут туга мне проста сэрца задушыла: проста, месца нідзе знайсці не магу.

— Паедзеш.... вось гэта іншая справа! Вось з гэтым я згодзен. І ведаеш, што я табе прапаную?