Давайма паедзем разам — на Каўказ альбо так проста на Украіну, галушкі есці. Слаўная, брат, рэч!
— Так, а сястру-ж з кім пакінем?
— А чаму-ж Александры Паўлаўне не паехаць з намі? Далі-бог, вельмі добра будзе. Хадзіць за ёю, — ужо за гэта я вазьмуся! Ні ў чым недахопу мець не будзе: калі захоча, штовечар серэнаду пад акном наладжу; фурманоў адэкалонам надушу, кветкі па дарозе наторкаю. А ўжо мы, браце, з табою проста перародзімся; так нараскашуемся, бруханамі такімі назад прыедзем, што ніякае каханне ўжо нас не пройме!
— Ты ўсё жартуеш, Міша!
— Зусім не жартую. Гэта табе бліскучая думка ў галаву прышла.
— Не! Глупства! — ускрыкнуў зноў Валынцэў: — я біцца, біцца з ім хачу!..
— Ізноў! Які ты, браце, сёння з колерам!..
Чалавек увайшоў з лістам у руках.
— Ад каго? — спытаў Лежнёў.
— Ад Рудзіна, Дзімітрыя Нікалаевіча. Ласунскіх чалавек прывёз.
— Ад Рудзіна? — паўтарыў Валынцэў: — да каго?
— Да вас.
— Да мяне?.. падай.
Валынцэў схапіў ліст, хутка распячатаў яго. пачаў чытаць. Лежнёў уважліва глядзеў на яго: дзіўнае, амаль радаснае здзіўленне выяўлялася на твары Валынцэва; ён апусціў рукі.
— Што такое? — спытаў Лежнёў.
— Прачытай, — прагаварыў Валынцэў упоўголаса і працягнуў яму ліст.
Лежнёў пачаў чытаць. Вось што пісаў Рудзін:
"Шаноўны васпане, Сергей Паўлавіч!
Я сёння ад'язджаю з дома Дар'і Міхайлаўны, і ад'язджаю назаўсёды. Гэта вас, напэўна, здзівіць,