Вольна ўздыхнула Александра Паўлаўна, апынуўшыся на свежым паветры. Яна раскрыла парасон і хацела было ісці дадому, як раптам з-за вугла хаткі выехаў, на нізенькіх бегавых дрожках, чалавек гадоў трыццаці, у старым паліто з шэрай каламянкі і гэтакай-жа самай шапцы. Убачыўшы Александру Паўлаўну, ён зараз жа спыніў каня і павярнуўся да яе тварам. Шырокі, без румянца, з невялікімі бледнашэрымі вочкамі і белесаватымі вусамі, твар яго падыходзіў пад колер яго адзення.
— Добры дзень, — праказаў ён з лянівай усмешкай: — што гэта вы тут такое робіце, дазвольце ведаць?
— Я наведвала хворую... А вы адкуль, Міхайла Мікайлыч?
Чалавек, які называўся Міхайла Міхайлычам, паглядзеў ёй у вочы і зноў усміхнуўся.
— Гэта вы добра робіце, — прадаўжаў ён: — што хворую наведваеце; толькі ці не лепей вам яе ў больніцу перавезці?
— Яна вельмі слабая: яе няможна крануць.
— А больніцу сваю вы не мяркуеце зніштожыць?
— Зніштожыць? навошта?
— Ды так.
— Што за дзікая думка! З чаго гэта вам у галаву прышло?
— Ды вы вось з Ласунскай усё водзіцеся і, здаецца, знаходзіцеся пад яе ўплывам. А па яе словах, больніцы, школы — гэта ўсё глупства, не патрэбныя выдумкі. Добрадзейнасць павінна быць асабістая, асвета таксама: гэта ўсё справа душы... так, здаецца, яна выказваецца. На чый лад яна пяе, хацеў-бы я ведаць?
Александра Паўлаўна засмяялася.