Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/120

Гэта старонка не была вычытаная

вось што цікава: і гэты-ж ліст ён палічыў за доўг напісаць, і з'яўляўся ён да цябе з пачуцця доўгу... У гэтых людзей на кожным кроку доўг, і ўсё доўг — ды даўгі, — дадаў Лежнёў, з усмешкай паказваючы на post-scriptum[1].

— А якія ён фразы адпускае? — усклікнуў Валынцэў. — Ён ашукаўся адносна мяне: ён чакаў, што я стану вышэй за нейкае асяроддзе... што за бязглуздзіца, божа! Горш за вершы!

Лежнёў нічога не адказаў; адны вочы яго ўсміхнуліся. Валынцэў устаў.

— Я хачу з'ездзіць да Дар'і Міхайлаўны, — праказаў ён: — я хачу даведацца, што ўсё гэта значыць.

— Пачакай, брат: дай яму выбрацца. Навошта табе зноў з ім спатыкацца? Ён-жа знікае, чаго табе яшчэ? Лепей ты-б лёг, ды заснуў; ты-ж, мабыць, усю ноч з боку на бок варочаўся. А цяпер справы твае папраўляюцца...

— З чаго ты гэта заключаеш?

— Ды так, мне здаецца. Сапраўды, засні; а я пайду да тваёй сястры — пасяджу з ёю.

— Я зусім спаць не хачу. З якой рацыі мне спаць... Я лепей паеду, палі агледжу, — сказаў Валынцэў, паправіўшы полы паліто.

— І гэта добра. Паязджай, брат, паязджай, аглядзі палі...

І Лежнёў адправіўся на палову Александры Паўлаўны.

________

Ён застаў яе ў гасцінай. Яна ласкава яго прывітала. Яна заўжды радавалася яго прыходу; але твар яе заставаўся сумным. Яе непакоіла ўчарашняе наведанне Рудзіна.

— Вы ад брата? — спытала яна Лежнёва: — які ён сёння?

  1. Прыпіска (лац.).