Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/124

Гэта старонка не была вычытаная

Дар'я Міхайлаўна вельмі хвалявалася, і Натальі дасталося ад яе.

Яна запрасіла Рудзіна сесці. Ён сеў, але ўжо не як ранейшы Рудзін, амаль гаспадар у доме, нават не як добры знаёмы, а як госць, і не як блізкі госць. Усё гэта зрабілася ў адзін момант... Так вада раптоўна змяняецца ў лёд.

— Я прышоў да вас, Дар'я Міхайлаўна, — пачаў Рудзін: — падзякаваць вас за вашу гасціннасць. Я атрымаў сёння вестку з маёй вёскі і павінен абавязкова сёння-ж ехаць туды.

Дар'я Міхайлаўна зіркліва паглядзела на Рудзіна.

"Ён папярэдзіў мяне; мабыць, дагадваецца", падумала яна. "Ён вызваляе мяне ад непрыемнай гутаркі; тым лепей. Няхай жывуць разумныя людзі!"

— Няўжо? — праказала яна ўголас. — Ах, як гэта непрыемна! Ну, што-ж рабіць! Спадзяюся ўбачыць вас гэтаю зімой у Маскве. Мы самі неўзабаве адсюль едзем.

— Я не ведаю, Дар'я Міхайлаўна, ці ўдасца мне быць у Маскве; але калі звярнуся з сродкамі, за абавязак палічу з'явіцца да вас.

"Ага! браце! — падумаў у сваю чаргу Пандалеўскі: — ці даўно ты тут панаваў, а цяпер вось як давялося выказвацца!"

— Вы, значыць, нездавальняючыя весткі з вашай вескі атрымалі? — прамовіў ён са звычайнай расстаноўкай.

— Так, — суха адказаў Рудзін.

— Неўраджай, мабыць?

— Не .. іншае... Паверце, Дар'я Міхайлаўна, — дадаў Рудзін: — я ніколі не забуду часу, праведзенага мною ў вашым доме.

— І я, Дзмітры Нікалаіч, заўсёды з прыемнасцю буду ўспамінаць наша знаёмства з вамі... Калі вы едзеце?