Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/125

Гэта старонка не была вычытаная

— Сёння, пасля абеда.

— Так хутка!.. Ну, жадаю вам шчаслівай дарогі. Аднак, калі вашы справы не затрымаюць вас, можа быць, вы яшчэ нас застанеце тут.

— Я наўрад ці паспею, — адказаў Рудзін і ўстаў. — Прабачце мяне, — дадаў ён: — я не магу зараз выплаціць маю вам пазыку, але, як толькі прыеду ў вёску...

— Што вы, Дзімітры Нікалаіч! — перапыніла яго Дар'я Міхайлаўна: — як вам не сорамна!.. Але якая зараз гадзіна? — спытала яна.

Пандалеўскі дастаў з кішэні жылеткі залаты гадзіннік з эмалью і паглядзеў на яго, асцярожна налягаючы ружовай шчакой на цвëрды і белы каўнерык.

— Дзве гадзіны і трыццаць тры мінуты, — праказаў ён.

— Час адзявацца, — заўважыла Дар'я Міхайлаўна. — Да пабачэння, Дзмітры Нікалаіч!

Рудзін устаў. Уся размова між ім і Дар'яй Міхайлаўнай мела асаблівы характар. Акторы так гавораць свае ролі на рэпетыцыях, дыпламаты так на канферэнцыях абменьваюцца загадзя ўмоўленымі фразамі...

Рудзін вышаў. Ён цяпер ведаў з практыкі, як свецкія людзі нават не кідаюць, а проста не прыкмячаюць чалавека, які зрабіўся ім непатрэбным: як пальчатку пасля бала, як паперку з цукеркі, як нявыйграўшы білет з латарэі-тамболы.

Ён наспех склаўся і з нецярплівасцю пачаў чакаць хвіліны ад'езду. Усе ў доме вельмі здзівіліся, даведаўшыся пра яго намеры; нават людзі глядзелі на яго з неўразуменнем. Басістаў не хаваў свайго жалю. Наталья яўна ўнікала Рудзіна. Яна старалася не сустракацца з ім узрокам; аднак, яму ўдалося ўсунуць ёй у руку свой ліст.