Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/126

Гэта старонка не была вычытаная

За абедам Дар'я Міхайлаўна яшчэ раз паўтарыла, што спадзяецца ўбачыць яго перад ад'ездам у Маскву, але Рудзін нічога не адказаў ёй. Пандалеўскі часцей за ўсіх з ім загаварваў. Рудзіну не раз хацелася кінуцца на яго і пабіць яго квітнеючы і румяны твар. M-lle Boncourt часценька пазірала на Рудзіна, з хітраватым і дзіўным выразам у вачах: у старых, вельмі разумных лягавых сабак можна часам прыкмеціць такі выраз... "Эге!" здавалася, гаварыла яна сама сабе: — вось як цябе!"

Нарэшце, прабіла шостая гадзіна, і падалі фурманку Рудзіна. Ён пачаў спешна развітвацца з усімі. На душы ў яго было дужа прыкра. Не чакаў ён, што так выедзе з гэтага дома: яго нібыта выганялі... "Як гэта ўсё зрабілася! І навошта было спяшацца? Але прынамсі, адзін канец" — вось што думаў ён, кланяючыся на ўсе бакі з вымушанай усмешкай. У апошні раз зірнуў ён на Наталью, і сэрца яго кранулася: вочы яе былі накіраваны на яго з смутлівым развітальным дакорам.

Ён спешна збег па сходках, ускочыў у фурманку. Басістаў захацеў праводзіць яго да першай станцыі і сеў разам з ім.

— Ці памятаеце вы, — пачаў Рудзін, як толькі фурманка выехала са двара на шырокую дарогу, абсаджаную ёлкамі: — памятаеце вы, што гаворыць Дон Кіхот свайму зброеносцу, калі выязджае з палаца герцагіні? "Свабода, — гаворыць ён, — дружа мой Санчо, адзін з найкаштоўнейшых здабыткаў чалавека, і шчаслівы той, каму неба даравала кавалак хлеба, каму не трэба быць за яго абавязаным каму-небудзь!" Што Дон Кіхот адчуваў тады, — я адчуваю цяпер... Дай бог і вам, любы мой Басістаў, выпрабаваць калі-небудзь гэтае пачуццё!