Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/127

Гэта старонка не была вычытаная

Басістаў сціснуў руку Рудзіну, і сэрца сумленнага юнака забілася ў яго расчуленых грудзях. Да самай станцыі гаварыў Рудзін пра гонар чалавека, пра значэнне сапраўднай свабоды, — гаварыў горача, узвышана і шчыра — і калі надышоў момант разлукі, Басістаў не вытрываў, кінуўся яму на шыю і зарыдаў. У самога Рудзіна паліліся слёзы; але ён плакаў не пра тое, што развітваўся з Басіставым, і слёзы яго былі — самалюбівыя слёзы.

* * *

Наталья прышла да сябе і прачытала ліст Рудзіна:

"Любая Наталья Алексееўна, — пісаў ён ёй, — я наважыўся выехаць. Мне іншага выхаду няма. Я наважыўся выехаць, пакуль мне не сказалі выразна, каб я пакінуў ваш дом. Ад'ездам маім спыняюцца ўсе непаразуменні; а шкадаваць пра мяне наўрад ці будзе хто-небудзь. Чаго-ж чакаць?.. Усё так; але дзеля чаго-ж пісаць вам?

"Я развітваюся з вамі, мабыць, назаўсёды, і пакінуць вам пра сябе ўспамін, яшчэ горшы за той, які я заслугоўваю, было-б залішне горка. Вось чаму я пішу вам. Я не хачу ні апраўдвацца, ні вінаваціць нікога, апроч самога сябе: я хачу, па магчымасці, растлумачыць... Падзеі апошніх дзён так нечаканы, так раптоўны...

"Сёнешняе спатканне паслужаць мне памятным урокам. Так, вы праўду сказалі: я вас не ведаў, а я думаў, што ведаў вас! У працягу майго жыцця я меў справу з людзьмі ўсякіх катэгорый, я збліжаўся з многімі жанчынамі, але, сустрэўшыся з вамі, я ўпершыню сустрэўся з душой зусім чэснай і простай. Для мяне гэта было незвычайна і я не змог ацаніць вас. Я адчуў прыхільнасць да