Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/135

Гэта старонка не была вычытаная

процілеглым баку іх было дзве: адна, ніжэй, блакітная, другая, вышэй, чырвона-ліловая. Лёгкія хмаркі таялі ў вышыні. Усё абяцала добрае надвор'е.

Раптам Пігасаў засмяяўся.

— Чаму вы, Афрыкан Семёныч? — спытала Александра Паўлаўна.

— Ды так... Учора, чую я, адзін мужык гаворыць жонцы, — а яна, гэтак, разбалбаталася: — не рыпі!.. Вельмі мне гэта спадабалася. Не рыпі! Ды і сапраўды, пра што можа разважаць жанчына? Я, вы ведаеце, ніколі не кажу пра прысутных. Нашы старыя разумней за нас былі. У іх у казках красуня сядзіць пад акном, у лобе зорка, а сама ні мур-мур. Вось гэта, як трэба. А то-ж, падумайце самі: трэцяга дня наша прарадзіцельніца як з пісталета мне ў лоб стрэліла, кажа мне, што ёй не падабаецца мая тэндэнцыя! Тэндэнцыя! Ну, ці-ж не лепей было-б і для яе і для ўсіх, калі-б якім-небудзь добрадзейным наказам прыроды ў яе раптам адняўся-б язык?

— А вы ўсё-ж такі самы, Афрыкан Семёныч: усё нападаеце на нас, бедных... Ведаеце, гэта-ж своеасаблівае няшчасце, сапраўды. Мне вас шкада.

— Няшчасце? Што вы гэта кажаце! Па-першае, па мойму, на свеце толькі тры няшчасці і ёсць: жыць зімою ў халоднай кватэры, летам насіць вузкія боты, ды начаваць у пакоі, дзе пішчыць дзіця, якога не можна пасыпаць персідскім парашком; а па-другое, змілуйцеся, я самы ціхамірны зрабіўся цяпер чалавек. Хоць узоры з мяне пішы! Вось як я прыстойна сябе вяду.

— Добра вы вядзеце сябе, няма чаго казаць! Не далей, як учора, Елена Антонаўна мне на вас скардзілася.