Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/139

Гэта старонка не была вычытаная

— Дарэчы, — спытаў Лежнёў у Басістава, наліваючы яму лафіту: — вы ведаеце, дзе Рудзін?

— Цяпер напэўна не ведаю. Ён прыязджаў прошлай зімой у Маскву на кароткі час, потым адправіўся з адной сямей у Сімбірск; мы з ім некаторы час перапісваліся: у апошні лісце сваім ён паведамляў мяне, што выязджае з Сімбірска — не сказаў куды — і вось з таго часу я нічога пра яго не чую.

— Не прападзе! — падхапіў Пігасаў: — дзе-небудзь сядзіць ды разважае. Гэты чалавек заўсёды знойдзе сабе двух ці трох прыхільнікаў, якія будуць яго слухаць, разінуўшы рот і пазычаць яму грошы. Пабачыце, ён скончыць тым, што памрэ дзе-небудзь у Царэвакакшайску або ў Чухломе — на руках застарэлай панны ў парыку, якая будзе думаць пра яго, як пра геніяльнейшага чалавека ў свеце...

— Вы вельмі рэзка выказваецеся аб ім, — заўважыў упоўголаса і з нездавальненнем Басістаў.

— Зусім не рэзка! — адказаў Пігасаў: — абсалютна справядліва. На мой погляд, ён, проста, нішто іншае, як лізаблюд. Я забыўся вам сказаць, — прадоўжваў ён, звяртаючыся да Лежнева: — я-ж пазнаёміўся з гэтым Терлахавым, з якім Рудзін за граніцу ездзіў, як-жа, як-жа! Што ён мне расказваў пра яго, вы сабе ўявіць не можэце — умора, проста! Дзіва, што ўсе сябры і прыхільнікі Рудзіна з часам робяцца яго ворагамі.

— Прашу мяне выключыць з ліку такіх сяброў! — палка перапыніў Басістаў.

— Ну, вы — іншая рэч! Пра вас і гутаркі няма.

— А што такое вам расказваў Терлахаў? — спытала Александра Паўлаўна.

— Ды шмат расказваў: усяго не ўспомніш. Але самы лепшы вось які здарыўся з Рудзіным анекдот.