Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/142

Гэта старонка не была вычытаная

нем? Ён не зробіць сам нічога менавіта таму, што ў ім натуры, крыві няма; але хто мае права сказаць, што ён не прынясе, не прынёс ужо карысці? Што яго словы не пасеялі шмат добрага семя ў маладыя душы, якім прырода не адмовіла, як яму, у сіле дзейнасці, ва ўменні выконваць уласныя замыслы. Ды я сам, я першы, усё гэта адчуў на сабе... Саша ведае, чым быў для мяне ў маладосці Рудзін. Я, здаецца, таксама сцвярджаў, што словы Рудзіна не могуць дзейнічаць на людзей; але я гаварыў тады пра людзей, падобных на мяне, у цяперашнія мае гады, пра людзей пажыўшых ужо і паламаных жыццём. Адзін фальшывы гук у прамове — і ўся яе гармонія для нас згубілася; а ў маладым чалавеку, на шчасце, слух яшчэ не так развіты, не такі тонкі. Калі сутнасць таго, што ён чуе, яму здаецца прыгожай, што яму за справа да тону! Тон ён сам у сабе знойдзе.

— Брава! брава! — усклікнуў Басістаў: — як гэта справядліва сказана! А што датычыць, да ўплыву Рудзіна, клянуся вам, гэты чалавек не толькі умеў зрушыць цябе, ён з месца цябе зрушваў, ён не даваў табе застанаўлівацца, ён да аснавання пераварочваў, запальваў цябе!

— Вы чуеце? — зноў сказаў Лежнёў, звяртаючыся да Пігасава: якіх вам яшчэ доказаў трэба? Вы нападаеце на філасофію; кажучы пра яе, вы не знаходзіце досыць пагардлівых слоў. Я сам яе не надта шаную і слаба разумею. Але не ад філасофіі нашы галоўныя няўдачы! Філасафічныя вымудры і мары ніколі не ўжывуцца з рускім: на гэта ў яго залішне многа здаровага розуму: але нельга ж дапусціць, каб пад імем філасофіі нападалі на кожнае чэснае імкненне да праўды і да свядомасці. Няшчасце Рудзіна ў тым, што ён Расіі не ведае, і гэта сапраўды, вялікае няшчасце.