— Ну, вось, брат, мы і даехалі, — праказаў Лежнёў: — а ты ўсё баяўся, што шына з кола саскоча.
— Даехалі! — адказаў слуга, стараючыся ўсміхнуцца праз падняты каўнер шынелі: — а ўжо чаму-ж гэтая шына не саскочыла...
— Нікога тут няма? — пачуўся голас у калідоры.
Лежнёў уздрыгнуўся і пачаў прыслухоўвацца.
— Гэй! Хто там? — паўтарыў голас.
Лежнёў устаў, падышоў да дзвярэй і хутка адчыніў іх.
Перад ім стаяў чалавек высокага росту амаль зусім сівы і згорблены, у старым плісавым сурдуце з бронзавымі гузікамі. Лежнёў пазнаў яго адразу.
— Рудзін! — усклікнуў ён з хваляваннем. Рудзін абярнуўся. Ён не мог разгледзець рысы Лежнёва, стаяўшага да святла спіною, і з неўразуменнем глядзеў на яго.
— Вы мяне не пазнаёце? — загаварыў Лежнёў.
— Міхайла Міхайлыч! — усклікнуў Рудзін, і працягнуў руку, але збянтэжыўся і адвёў было яе назад...
Лежнёў спешна ўхапіўся за яе сваімі абодвума.
— Уваходзьце, уваходзьце да мяне! — сказаў ён Рудзіну, і ўвёў яго ў нумар.
— Як вы змяніліся! — прамовіў Лежнёў, памаўчаўшы і мімаволі панізіўшы голас.
— Так, кажуць! — адказаў Рудзін, блукаючы па пакоі зрокам. — Годы... А вось вы — нішто. Як здароўе Александры... вашай жонкі?
— Дзякую, — добра. Але якім чынам вы тут?
— Я? Гэта доўга расказваць. Уласна, сюды я зайшоў выпадкова. Я шукаў аднаго знаёмага. Аднак, я вельмі рад...
— Дзе вы абедаеце?