Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/151

Гэта старонка не была вычытаная

Рысы Рудзіна змяніліся мала, асабліва з таго часу, як мы бачылі яго на станцыі, хаця адзнакі блізкай старасці паспелі ўжо легчы на іх; але выраз іх зрабіўся інакшым. Іначай глядзелі вочы; ва ўсёй істоце яго, у жэстах, і замаруджаных, і бяссвязна парыўчатых, у пахаладзеўшай, як бы разбітай мове, выяўлялася стомленасць канчатковая, сукрыты і ціхі жаль, далёка непадобны на той не зусім шчыры сум, якім ён выхваляўся бывала, як наогул выхваляецца ім моладзь, поўная надзей і даверлівай ганарлівасці.

— Расказаць вам усё, што са мною здарылася? — загаварыў ён. — Усяго расказаць нельга і не варта... Мітусіўся я шмат, бадзяўся не адным целам — душою бадзяўся. У чым і калі я не расчараваўся, бог мой! з кім не збліжаўся! Так, з кім! — паўтарыў Рудзін, заўважыўшы, што Лежнёў з нейкім асаблівым спачуваннем паглядзеў яму ў твар — Колькі разоў мае ўласныя словы рабіліся мне брыдкімі — не кажу ўжо ў маіх вуснах, але і ў вуснах людзей, падзяляўшых мае погляды! Колькі разоў пераходзіў я ад нецярплівасці, ад капрызлівасці дзіцяці да тупой нячуласці каня, які ужо і хвастом не дрыгае, калі яго сцëбае пуга... Колькі разоў я радаваўся, спадзяваўся, ненавідзеў і гнуўся дарэмна! Колькі разоў вылятаў сокалам — і звяртаўся паўзком, як слімак, у якога раздушылі чарапашку!.. Дзе не бываў я, па якіх шляхах не хадзіў!.. А шляхі бываюць брудныя, — дадаў Рудзін, і злёгку адвараціўся. — Вы ведаеце... — гаварыў ён далей...

— Паслухайце, — перапыніў яго Лежнёў: — мы калісьці гаварылі, „ты“ адзін аднаму... Хочаш? аднавім старыну... Вып'ем на ты!

Рудзін устрапянуўся, прыпадняўся, а ў вачах яго прамільгнула нешта, чаго слова выказаць не можа.