Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/158

Гэта старонка не была вычытаная

— Выкладчыка — чаго? — спытаў Лежнёў.

— Выкладчыка рускай літаратуры. Скажу табе, ні за адну справу не браўся я з такім палам, як за гэта. Думка ўздзейнічаць на юнацтва запаліла мяне. Тры тыдні прасядзеў я над складаннем уступнай лекцыі.

— Яе няма ў цябе, — перапыніў Лежнёў.

— Няма: згубілася недзе. Яна вышла нядрэнная і спадабалася. Як цяпер бачу маіх гледачоў, — добрых, маладых, з выяўленнем на тварах чыстасардэчнай увагі, спачування, нават захаплення. Узышоў я на кафедру, прачытаў лекцыю як у ліхаманцы; я думаў яе хопіць больш як на гадзіну, а я яе ў дваццаць мінут скончыў. Інспектар тутжа сядзеў — сухарлявы стары у срэбраных акулярах і кароткім парыку; ён зрэдку нахіляў галаву ў мой бок. Калі я скончыў і саскочыў з крэслаў, ён мне сказаў: "Харашо-с, толькі высока крыху, цемнавата, ды і пра самы прадмет мала сказана". А гімназісты з пашанай правадзілі мяне вачыма... Сапраўды... Вось-жа чым слаўна моладзь! Другую лекцыю я прынёс напісаную, і трэцюю таксама... потым я пачаў імправізіраваць.

— І меў поспех? — спытаў Лежнёў.

— Меў вялікі поспех. Слухачы прыходзілі натоўпамі. Я перадаваў ім усё, што ў мяне было ў душы. Між імі было тры-чатыры хлопчыкі, сапраўды надзіва; астатнія мяне разумелі слаба, але, трэба прызнацца, што і тыя, якія мяне разумелі, часам прыводзілі мяне ў замяшанне сваімі запытаннямі. Але я не сумаваў. Любіць — мяне ўсе любілі; я на рэпетыцыях стаўляў поўныя балы ўсім. Але тут пачалася супроць мяне інтрыга... або не! ніякай інтрыгі не было; а я, проста трапіў не ў сваю сферу. Я перашкаджаў іншым, і мяне ўціскалі. Я чытаў гімназістам, як і студэнтам не заўсёды