Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/159

Гэта старонка не была вычытаная

чытаюць; слухачы мае выносілі мала з маіх лекцый... факты я сам ведаў дрэнна. Да таго-ж, я не абмежаваўся колам дзеяння, якое было мне вызначана... ужо гэта, ты ведаеш, мая слабасць. Я хацеў карэнных рэформ, і, клянуся табе, гэтыя рэформы былі і дзельныя і лёгкія. Я спадзяваўся правесці іх праз дырэктара, добрага і сумленнага чалавека, на якога я спачатку меў уплыў. Яго жонка мне дапамагала. Я, браце, у жыцці сваім не шмат сустракаў такіх жанчын. Ёй ужо было год пад сорак; але яна верыла ў дабро, любіла ўсё прыгожае, як пятнаццацігадовая дзяўчынка, і не баялася выказваць свае перакананні ні перад кім. Я ніколі не забудуся на яе шчырую захопленасць і чыстасць.. Па яе парадзе я напісаў быў план... Але тут пад мяне падкапаліся, ачарнілі мяне перад ёю. Асабліва пашкодзіў мне настаўнік матэматыкі, маленькі чалавек, востры, злосны і ні ў вошта не верыўшы, накшталт Пігасава, толькі куды здольней за яго... Дарэчы, што Пігасаў, жыве?

— Жыве і, уяві сабе, ажаніўся з мяшчанкай, якая, кажуць, б'е яго.

— Так яму і трэба! Ну, а Наталья Алексееўна здарова?

— Так.

— Шчасліва?

— Так.

Рудзін памаўчаў.

— Пра што гэта я гаварыў?.. Так! пра настаўніка матэматыкі. Ён мяне узненавідзеў; параўноўваў мае лекцыі з феерверкам, лавіў на-ляту кожны не зусім ясны выраз, раз нават збіў мяне на нейкім помніку XVI стагоддзя... а галоўнае, ён западазрыў мае намеры; апошні мой мыльны пузыр натыкнуўся на яго, як на шпільку, і лопнуў.