Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/168

Гэта старонка не была вычытаная

і трымаў і сястру, і цётку ў чорным целе, пакуль раптоўная смерць не паклала канец яго кар‘еры. Мар‘я Дзімітраўна атрымала ў спадчыну Пакроўскае, але нядоўга жыла ў ім; на другі год пасля яе шлюбу з Каліціным, які за некалькі дзён паспеў пакарыць яе сэрца, Пакроўскае было пераменена на другі маёнтак, куды больш даходны, але непрыгожы і без сялібы, — і тым-жа часам Каліцін набыў дом у горадзе О…, дзе і пасяліўся з жонкаю на сталае жыхарства. Каля дома знаходзіўся вялікі сад; адным бокам ён выходзіў проста ў поле, за горад. Такім чынам, — вырашыў Каліцін, вялікі неаматар сельскай цішы — у вёску цягацца няма чаго. Мар‘я Дзімітраўна не раз у душы пашкадавала сваё прыгожанькае Пакроўскае з вясёлай рэчкай, шырокімі паплавамі і зялёнымі дубравамі; але яна ні ў чым не пярэчыла мужу і схілялася перад яго розумам і веданнем свету. Калі-ж, пасля пятнаццацігадовага шлюбу, ён памёр, пакінуўшы сына і двух дачок, Мар‘я Дзімітраўна ўжо да таго звыклася са сваім домам і гарадскім жыццём, што сама не захацела выехаць з О…

Мар‘я Дзімітраўна ў маладосці карысталася рэпутацыяй міленькай бландынкі; і ў пяцьдзесят год рысы яе не былі пазбаўлены прыемнасці, хаця крыху распухлі і сплыліся. Яна была больш сантыментальная, як добрая, і да сталых год захавала інстытуцкія замашкі; яна збалвала сябе, лёгка раздражнялася і нават плакала, калі парушаліся яе прывычкі; але яна была вельмі ласкавая і абыходлівая, калі ўсе яе жаданні выконваліся, і ніхто ёй не пярэчыў. Дом яе належыў да ліку найпрыемнейшых у горадзе. Маёмасць у яе была вельмі добрая, не столькі спадчынная, сколькі набытая мужам. Абедзве дачкі жылі з ёю; сын