Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/169

Гэта старонка не была вычытаная

выхоўваўся ў адной з лепшых устаноў у Пецербургу.

Бабка сядзеўшая з Мар‘яй Дзімітраўнай пад акном, была тая самая цётка, сястра яе бацькі, з якой яна пражыла калісьці некалькі самотных год у Пакроўскім. Звалі яе Марфа Цімафееўна Пестова. Яна лічылася дзівачкай, характар мела незалежны, гаварыла ўсім праўду ў вочы і пры самых нязначных сродках трымалася так, нібыта за ёю вадзіліся тысячы. Яна цярпець не магла нябожчыка Каліціна, і як толькі яе пляменніца вышла за яго замуж, выехала ў сваю вёску, дзе пражыла цэлых дзесяць год у мужыка ў курнай хаце. Мар‘я Дзімітраўна яе крыху баялася. Чорнавалосая і быстравокая нават у старасці, маленькая, востраносая, Марфа Цімафееўна хадзіла жвава, трымалася проста і гаварыла хутка і выразна, тонкім і зычным галаском. Яна заўсёды насіла белы чэпчык і белую кофту.

— Пра што ты гэта? — спытала яна раптам Мар‘ю Дзімітраўну. — Пра што ўздыхаеш, маці мая?

— Так! — праказала тая. — Якія цудоўныя воблакі!

— Так табе іх шкода, ці што?

Мар‘я Дзімітраўна нічога не адказвала.

— Што гэта Гедэонаўскі не ідзе? — праказала Марфа Цімафееўна, шпарка шавелючы пруткамі. (Яна вязала вялікі шарсцяны шаль). — Ён-бы паўздыхаў разам з табою, — альбо збрахаў-бы што-небудзь.

— Як вы заўсёды строга пра яго выказваецеся! Сергей Петровіч — паважны чалавек.

— Паважны! — паўтарыла з дакорам бабуля.

— І як ён нябожчыку мужу быў адданы! — праказала Мар‘я Дзімітраўна: — да гэтага часу ўспомніць пра яго раўнадушна не можа.

— Чаму не! Той яго за вушы з гразі выцягнуў, —