Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/175

Гэта старонка не была вычытаная

— Prenez garde, prenez garde[1], — паўтарала Мар‘я Дзімітраўна.

— Леначка, пагладзьце яго, — сказаў верхавы; — я не дазволю яму сваволіць.

Дзяўчынка зноў працягнула руку і нясмела кранула трапятаўшых ноздраў Арланда, які без перастанку ўздрыгваў і грыз цуглі.

— Брава! — усклікнула Мар‘я Дзімітраўна; — а цяпер злазьце і прыходзьце да нас.

Верхавы ўдала павараціў каня, даў яму шпоры і, праскакаўшы кароткім галопам па вуліцы, уехаў на двор. Праз хвіліну ён убег, памахваючы пруцікам, з дзвярэй прыхожай у гасціную; тымчасам на парозе другіх дзвярэй паказалася стройная, высокая чорнавалосая дзяўчына год дзевятнаццаці, — старэйшая дачка Мар‘і Дзімітраўны, Ліза.

IV

Малады чалавек, з якім мы толькі што пазнаёмілі чытачоў, называўся Владзімір Нікалаевіч Паншын. Ён служыў у Пецербургу чыноўнікам па асобых даручэннях у міністэрстве ўнутраных спраў. У горад О… ён прыехаў для выканання часовага казённага даручэння і знаходзіўся ў распараджэнні губернатара, генерала Зоненберга, якому даводзіўся дальнім сваяком. Бацька Паншына, адстаўны штабс-ротмістр, вядомы ігрок, чалавек з салодкімі вачыма, з змятым тварам і нервічнай дрыгатнёй у губах, увесь свой век цёрся між знаццю, наведваў англійскія клубы абодвух сталіц і лічыўся спрытным, не вельмі пэўным, але слаўным і сардэчным малым. Не гледзячы на ўсю сваю спрытнасць, ён знаходзіўся

  1. Сцеражыцеся, сцеражыцеся (фр.).