Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/178

Гэта старонка не была вычытаная

— Змілуйцеся, ён вельмі ціхі, а вось я скажу вам, чаго я баюся: я баюся гуляць у прэферанс з Сергеем Петровічам; учора ў Беленіцыных ён абгуляў мяне ўшчэнт.

Гедэонаўскі засмяяўся тоненькім і ліслівым смехам: ён падладжваўся да маладога бліскучага чыноўніка з Пецербурга, губернатарскага любімчыка. У размовах сваіх з Мар‘яй Дзімітраўнай ён часта спамінаў пра незвычайныя здольнасці Паншына. — Вось-жа, размаўляў ён, як не пахваліць? І ў вышэйшай сферы жыцця паспявае малады чалавек, і служыць прыкладна і гордасці ні малейшай. — Аднак Паншына і ў Пецербургу лічылі добрым чыноўнікам: работа кіпела ў яго ў руках; ён гаварыў пра яе жартуючы, як гэта і належыць свецкаму чалавеку, не надаючаму асаблівага значэння сваёй працы, але быў „выканаўца“. Начальнікі любяць такіх падчынёных; сам ён не сумняваўся ў тым, што, калі захоча, будзе з часам міністрам.

— Вы пажадалі сказаць, што я абгуляў вас, — праказаў Гедэонаўскі: — а на прошлым тыдні хто ў мяне выйграў дванаццаць рублёў? Ды яшчэ…

— Злодзей, злодзей, — перапыніў яго Паншын з ласкавай, але ледзь-ледзь пагардлівай няветлівасцю і, не звяртаючы на яго болей увагі, падышоў да Лізы.

— Я не мог знайсці тут увертуру Оберона, — пачаў ён: — Беленіцына толькі хвасталася, што ў яе ўся класічная музыка, — на справе ў яе апрача полек і вальсаў нічога няма; аде я ўжо напісаў у Маскву і праз тыдзень вы будзеце мець гэтую увёртуру. Да рэчы, — прадаўжаў ён: — я напісаў учора новы раманс; словы таксама мае. Хочаце я вам спяю? Не ведаю, што з гэтага вышла; Беленіцына знайшла яго вельмі слаўным, але яе