Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/182

Гэта старонка не была вычытаная

плаціў яму ні граша. Яму радзілі выехаць; але ён не хацеў звярнуцца дадому жабраком з Расіі, з вялікай Расіі, гэтага залатога дна артыстаў; ён наважыўся застацца і спрабаваць сваё шчасце. У працягу дваццаці год бедны немец спрабаваў сваё шчасце: пабываў у розных паноў, жыў і ў Маскве, і ў губернскіх гарадах, цярпеў і зносіў шмат, зазнаў галечу, біўся як рыба аб лёд; але думка аб звароце на бацькаўшчыну не пакідала яго сярод усіх няшчасцяў, якія на яго звальваліся; яна толькі адна яго і падтрымлівала. Лёсу аднак не было пажадана парадаваць яго гэтым апошнім і першым шчасцем: 50-ці год, хворы, заўчасна састарэлы, затрымаўся ён у горадзе О… і застаўся ў ім назаўсёды, ужо канчаткова страціўшы ўсялякую надзею пакінуць ненавісную яму Расію і як-небудзь падтрымліваў лекцыямі сваё убогае існаванне. Аблічча Лема не настройвала на яго карысць. Ён быў невялікага росту, сутулы, з крыва высунутымі лапаткамі і ўцягненым жыватом, з вялікімі плоскімі ступнямі, з бледна-сінімі пазногцямі на цвёрдых, вечна сагнутых пальцах жылістых, чырвоных рук; твар меў зморшчаны, упалыя шчокі і сціснутыя губы, якімі ён бесперастанку рушыў і жаваў, што, пры яго звычайнай маўклівасці, рабіла ўражанне амаль злавеснае; сівыя яго валасы віселі пасмамі над невысокім лобам; як толькі што залітыя вугалькі, глуха тлелі яго маленькія нерухомыя вочкі; ступаў ён цяжка, на кожным кроку перакідваючы ўсё сваё непаваротнае цела. Некаторыя яго рухі нагадвалі нязграбнае чапурэнне савы ў клетцы, калі яна адчувае, што на яе глядзяць, а сама ледзь бачыць сваімі агромністымі, жоўтымі, пужліва і дрымотна міргаючымі вачыма. Застарэлае, бязлітаснае гора паклала на беднага музікуса сваю незгладжальную пячаць,