Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/185

Гэта старонка не была вычытаная

— Вы праўду кажаце, Лізавета Міхайлаўна, — праказаў ён. — Усяму віною — мая вечная неабдуманасць. Не спрачайцеся са мною; я сябе добра ведаю. Шмат непрыемнасці мне нарабіла мая неабдуманасць. З яе ласкі я пачаў лічыцца за эгаіста.

Паншын памаўчаў. З чаго-б не пачынаў ён размову, ён звычайна канчаў тым, што гаварыў пра самога сябе, і гэта выходзіла ў яго неяк міла і мякка, сардэчна, нібы мімаволі.

— Вось у вашым доме, — прадоўжваў ён: — маці ваша, зразумела, да мяне вельмі прыхільна, — яна такая добрая; вы… аднак, я не ведаю вашага погляду пра мяне, але ваша цётачка проста мяне выносіць не можа. Я яе таксама, мабыць, пакрыўдзіў якім-небудзь неабдуманым, дурным словам. Але-ж яна мяне не любіць, ці-ж не праўда?

— Так, — прамовіла Ліза з невялікай запінкай: — вы ёй не падабаецеся.

Паншын хутка правёў пальцамі па клавішах; ледзь прыкметная ўсмешка прабегла па яго губах.

— Ну, а вы? — праказаў ён: — я вам таксама здаюся эгаістам?

— Я вас яшчэ мала ведаю, — адказала Ліза: — але я вас не лічу за эгаіста, я, наадварот, павінна быць удзячна вам…

— Ведаю, ведаю, што вы хочаце сказаць, — перапыніў яе Паншын і зноў прабег пальцамі па клавішах: — за ноты, за кнігі, якія я вам прыношу, за слабыя малюнкі, якімі я ўпрыгожваю ваш альбом, і гэтак далей і гэтак далей. Я магу ўсё гэта рабіць — і ўсё-такі быць эгаістам. Асмельваюся думаць, што вам не нудна са мною і што вы не лічыце мяне за дрэннага чалавека; але ўсё-ж вы думаеце, што я — як гэта сказана? — для краснага слоўца не пашкадую ні бацькі, ні прыяцеля.