Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/186

Гэта старонка не была вычытаная

— Вы няўважлівы і забыўчывы, як усе свецкія людзі, — праказала Ліза: — вось і ўсё.

Паншын крыху спахмурнеў.

— Паслухайце, — сказаў ён: — не будзем мы больш гаварыць пра мяне; пачнем іграць нашу санату. Пра адно толькі прашу я вас, — дадаў ён, разгладжваючы рукою лісты ляжаўшага на пюпітры сшытку; — думайце пра мяне, што хочаце, называйце мяне нават эгаістам — так і быць! але не называйце мяне свецкім чалавекам; гэтая мянушка мне нязносна… Anch‘io sono pittore[1]. Я таксама артыст, хаця дрэнны, і гэта, а менавіта тое, што я дрэнны артыст, — я вам давяду зараз-жа на справе. Пачнем-жа.

— Пачнем, калі хочаце, — сказала Ліза.

Першае adagio прайшло досыць удала, хаця Паншын неаднокраць памыляўся. Сваё і завучанае ён іграў вельмі міла, але разбіраў дрэнна. Аднак другая часць санаты — даволі шпаркае allegro — зусім не пайшла; на дваццатым такце Паншын, адстаўшы такты на два, не вытрымаў і са смехам адсунуў сваё крэсла.

— Не! — усклікнуў ён: — я не магу сёння іграць; добра, што Лем нас не чуў: ён-бы страціў прытомнасць.

Ліза ўстала, закрыла фартэп‘яна і абярнулася да Паншына!

— Што-ж мы будзем рабіць? — спытала яна.

— Пазнаю вас у гэтым запытанні! Вы ніяк не можаце сядзець склаўшы рукі. Што-ж, калі хочаце, давайце маляваць, пакуль яшчэ не зусім сцямнела. А можа, другая муза — муза малявання — як гэта яе звалі? забыўся… будзе да мяне прыхільней.

  1. Я таксама мастак (іт.).