Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/188

Гэта старонка не была вычытаная

— Вы-бы зноў праспяваў сфой раманцэ лепш, — адказаў Лем, адводзячы рукі Паншына і вышаў вон.

Ліза пабегла ўслед за ім. Яна дагнала яго на ганку.

— Хрыстафор Фёдарыч, паслухайце, — сказала яна яму па-нямецку, праводзячы яго да варот па зялёнай кароткай мураве двара: — я вінавата перад вамі — даруйце мне.

Лем нічога не адказаў.

— Я паказала Владзіміру Нікалаічу вашу кантату; я была ўпэўнена, што ён яе ацэніць, — і яна, сапраўды, вельмі яму спадабалася.

Лем спыніўся.

— Гэта нішто, — сказаў ён па-руску і потым дадаў на роднай сваёй мове: — але ён не можа нічога разумець; як вы гэтага не бачыце? Ён дылетант — і ўсё тут!

— Вы да яго несправядлівы, — адказала Ліза: — ён усё разумее і сам амаль усё можа зрабіць.

— Так, усё другі нумар, лёгкі тавар, спешная работа. Гэта падабаецца, і ён падабаецца, і сам ён гэтым задаволен, — ну, і брава. А я не злуюся; гэта кантата і я — мы абое старыя дурні; мне крыху сорамна, але гэта нішто.

— Даруйце мне, Хрыстафор Фёдарыч, — праказала зноў Ліза.

— Нічога, нічога; — паўтарыў ён зноў па-руску: — вы добрая дзяўчына… а вось нехта да вас ідзе. Бывайце. Вы вельмі добрая дзяўчына.

І Лем прыспешным крокам накіраваўся да варот, у якія ўваходзіў нейкі невядомы яму чалавек, у шэрым паліто і шырокім саламяным капялюшы. Ветліва пакланіўшыся яму (ён кланяўся ўсім новым асобам у горадзе О…; ад знаёмых ён адварочваўся на вуліцы — такое ўжо ён узяў сабе