Старонка:Рудзін, Дваранскае гняздо (1935).pdf/191

Гэта старонка не была вычытаная

на свайго гасця, так значна ўздыхала і так тужліва пакачвала галавой, што той, нарэшце, не сцярпеў і даволі рэзка запытаў яе: ці здарова яна?

— Слава богу, — адказала Мар‘я Дзімітраўна: — а што?

— Так, мне здалося, што вам не па сабе.

Мар‘я Дзімітраўна зрабіла выгляд горды і крыху пакрыўджаны. „А калі так, падумала яна: мне зусім усё роўна: відаць табе, пане мой, усё як з гуся вада; іншы з гора счахнуў-бы, а цябе яшчэ разнесла“. Мар‘я Дзімітраўна сама з сабою не цырамонілася; уголас яна гаварыла больш далікатна.

Лаўрэцкі, сапраўды, не быў падобны на ахвяру лёсу. Ад яго чырвонашчокага, чыста-рускага твара, з вялікім белым лобам, крыху тоўстым носам і шырокімі правільнымі губамі, так і веяла стэпавым здароўем, моцнай доўгавечнай сілай. Целаскладу ён быў вельмі добрага, — і бялявыя валасы кучаравіліся на яго галаве, як у юнака. У адных толькі яго вачах, блакітных, выпукленых і крыху нерухомых, заўважалася альбо задумлёнасць, альбо стомленасць і голас яго гучэў залішне роўна.

Паншын тым часам не пераставаў падтрымліваць гутарку. Ён пачаў размову пра выгоды цукраварэння, пра якое нядаўна прачытаў дзве французскія брашуркі, і з спакойнай скромнасцю ўзяўся выкладаць іх змест, не спамінаючы, аднак, пра іх ні адзіным словам.

— Але-ж гэта Федзя! — пачуўся раптам у суседнім пакоі за поўадчыненымі дзвярмі, голас Марфы Цімафееўны: — Федзя! праўда! — і бабуля жвава ўвайшла ў гасціную. Лаўрэцкі не паспеў яшчэ падняцца з крэсла, як яна ўжо абняла яго. — Пакажы-ж ты сябе, пакажы, — праказала яна, адсоўваючыся ад яго твара. — Э! Ды які-ж ты слаўны. Пастарэў, а зусім не падурнеў, праўда! Ды што